BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Міністр расказаў, на колькі падаражэе камуналка

Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Генадзь Трубіла расказаў, як сёлета ў Беларусі вырастуць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі.

“У нас традыцыйна ўжо, напэўна, з дзясятак гадоў павышэнне тарыфаў на паслугі ЖКГ вызначаецца ўказам кіраўніка дзяржавы. Раней гэта было не больш за пяць даляраў за год, цяпер 0,5 базавай (з 1 студзеня 2026 года базавая велічыня ў Беларусі складае 45 рублёў)”, – сказаў міністр у эфіры тэлеканала ОНТ. У сувязі з гэтым урад падрыхтаваў адпаведны праект указа.

Аб’ём складскіх запасаў вырас за год амаль на траціну

Па выніках мінулага года аб’ём складскіх запасаў прамысловай прадукцыі ў Беларусі склаў 11 мільярдаў 235 мільёнаў рублёў. Гэта на 29% больш, чым пазалетась, піша “Позірк”. Найбольш складскія запасы выраслі ў Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях: на 60,5% і 45% адпаведна.

Ціханоўская возьме ўдзел у Сусветным эканамічным форуме

Святлана Ціханоўская выступіць на дыскусіі “Ці зможа Расея захаваць эканоміку ваеннага часу?”, якая пройдзе 21 студзеня ў Давосе (Швейцарыя) на Сусветным эканамічным форуме. На 22 студзеня, як паведаміў “Позірку” галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка, запланаваны яе ўдзел у двух закрытых нефармальных круглых сталах высокага ўзроўню “Новая эра геапалітычнай нявызначанасці“ і “Новая геапалітычная стратэгія Еўропы”.

Трамп уводзіць пошліны супраць васьмі краін з-за Грэнландыі

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп аб’явіў, што з 1 лютага ўводзіць пошліны ў дачыненні да тавараў з Вялікабрытаніі, Даніі, Нарвегіі, Швецыі, Францыі, Германіі, Нідэрландаў і Фінляндыі. Паводле яго слоў, пошліны будуць спаганяцца да таго часу, пакуль не будзе дасягнута пагадненне аб куплі Грэнландыі, піша Bloomberg.

Пошліна на тавары, якія ўвозяцца ў ЗША з гэтых краін, з 1 лютага складзе 10%. Яе дададуць да цяперашняга тарыфу ў памеры 15%. З 1 чэрвеня новая пошліна вырасце да 25%.

Энергасістэмы Польшчы і Літвы інтэгруюцца

Энергетычнае супрацоўніцтва паміж Польшчай і Літвой уваходзіць у новую фазу. Польскія электрасеткі (PSE) і літоўская кампанія Litgrid рэалізуюць праект падземнага кабелю магутнасцю 700 МВт у раёне Сувалкаўскага калідора, піша biznesalert.pl. Мяркуецца, што гэта інвестыцыя павысіць энергетычную бяспеку рэгіёна і пашырыць магчымасці інтэграцыі аднаўляльных крыніц энергіі.

PSE таксама плануе будаўніцтва дзвюх падстанцый, што дазволіць падключаць новыя крыніцы генерацыі на паўночным усходзе Польшчы, дзе пануюць даволі спрыяльныя ветравыя ўмовы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц