Сярэдняя пенсія па ўзросце непрацуючага пенсіянера ў чэрвені ў Беларусі склала каля 812 рублёў, або 258 даляраў. У краіне пенсіі па ўзросце атрымліваюць больш за 2,4 млн чалавек, паведамляе Мінпрацы і сацабароны.

З 1 кастрычніка 2022 года ў Беларусі працуе таксама добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі. Такой магчымасцю ўжо скарысталіся больш за 32 тысячы чалавек.
Адна з платформаў Apple не даступная для кліентаў з Беларусі і Расеі
Кампанія Apple раптоўна апавясціла распрацоўшчыкаў кантэнту з Беларусі і Расіі, што цяпер ўсе рэкламныя інструменты буйной платформы Apple Search Ads для іх недаступныя. Што ад гэтага страчваюць беларусы?
Як піша тэлеграм-канал iOS Dev, блакіроўка пачала дзейнічаць з 15 жніўня. Прычына блакіроўкі дакладна не тлумачыцца, толькі згадваецца асноўны яе крытэрый — краіна паходжання кліентаў. Іншыя краіны, акрамя Беларусі і Расеі, не называліся.
Apple Search Ads лічыцца платформай № 1 для рэкламы iOS-дадаткаў у краме App Store. Беларускім распрацоўшчыкам дадаткаў для Apple цяпер будзе значна складаней канкурыраваць з гульцамі з іншых краін, а іх прадукты з большай доляй верагоднасці не ўбачаць карыстальнікі па ўсім свеце.
Wizz Air прадае абанемент на неабмежаваную колькасць палётаў
«Лятай колькі зможаш» — так называецца новая праграма скідак аднаго з найбуйнейшых еўрапейскіх лаўкостэраў. Wizz Air за фіксаваную перадаплату €599 прапануе кліентам лётаць рэйсамі авіякампаніі цэлы год любую колькасць разоў, паведамляе ВВС.
У чым тут падвох? Канешне, ёсць некаторыя ўмовы. Па-першае, палёты для такіх кліентаў будуць не поўнасцю бясплатнымі. Білеты для іх будуць каштаваць €9,99. Па-другое, колькасць абанементаў абмежавана – іх прададуць усяго 10 тысяч.
Па ўмовах акцыі ўладальнік абанемента можа лятаць па ўсіх напрамках, уключаючы Еўропу, Паўночную Афрыку, Блізкі Усход і Азію. Пры гэтым ён павінен забраніраваць білет не пазней як за тры дні да вылету. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






