BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Мінпрам абяцае стварыць “900 сучасных адзінак тэхнікі”

Ва ўрадзе адрэагавалі на крытыку Аляксандра Лукашэнкі наконт якасці беларускай прадукцыі, якая прагучала на нарадзе напярэдадні. Мінпрам абяцае стварыць “больш за 900 сучасных адзінак тэхнікі сусветнага роўню”. Праўда, не вельмі хутка. Па словах намесніка міністра прамысловасці Аляксандра Яфімава, “за бліжэйшую пяцігодку”.

Лукашэнка згадваў, што айчынная прадукцыя саступае замежным аналагам і па цане. Яфімаў абяцае, што ў тыя ж тэрміны згаданая “тэхніка сусветнага роўню” будзе “даступная па цане нашым спажыўцам”. А яшчэ ім прапануюць “пасляпродажнае абслугоўванне” і “даступнасць запчастак”. За кошт гэтага Мінпрам плануе “павышаць канкурэнтаздольнасць на ўсіх рынках прысутнасці”, піша “Еўрарадыё”.

Бізнес на мяжы: грошы – хуткае перасячэнне

Чарга велікагрузаў на польска-беларускай мяжы расцягнулася на 60 кіламетраў, ад тэрмінала ў Кукурыках да горада Мендзыжэц-Падляскі. Гэта стымулюе нелегальны бізнес, які прадае месцы на аб’езд «калейкі». Паводле звестак выдання Rzeczpospolita, такса на праезд па-за чаргой у апошні час вырасла са 100 да 500 еўра. Паліцыя штрафуе парушальнікаў, але кіроўцы мяркуюць, што яна магла б дзейнічаць больш актыўна.

Як піша «Мост», у дальнабойшчыкаў ёсць свае два нелегальныя спосабы аб’ехаць чаргу. Па-першае, падаць паліцыі «ліпавыя» дакументы пра тое, што фура вязе груз, які хутка псуецца. Такіх прапускаюць па-за чаргой. Іншая схема палягае на тым, што кіроўцы купляюць дакументы, у адпаведнасці з якімі нібыта едуць не на мяжу, а да сябе на базу або на адрас нейкага кліента, які зарэгістраваны недалёка ад мяжы. Таму паліцыя прапускае іх.

Палац Горватаў у Нароўлі будзе адбудоўвацца

Нараўлянскі выканкам даў дазвол на будаўнічыя працы. Пра гэта напісаў у тэлеграм-канале Пятро Кузняцоў. Паводле Кузняцова, усе экспертызы па праекце рэканструкцыі Палацу ў Нароўлі пройдзены. Нараўлянскі райвыканкам выдаў дазвол на будаўнічыя працы. «Папяровая версія яшчэ толькі будзе адасланая, але электронная ўжо прыйшла праз вайбер», — напісаў Кузняцоў. Ён дадае, што да будаўніцтва кроўлі будаўнікі гатовыя. Але засталося вырашыць некаторыя тэхнічныя пытанні.

Мільярдэр з Эміратаў прадае свае актывы ў Беларусі

Гаворка ідзе пра комплекс “Паўночны бераг”, які будуюць у Менску. На такі крок Мухамед Алабар пайшоў праз санкцыйныя рызыкі, піша Reuters. Яшчэ ў 2021 Еўрарадыё пісала пра сувязь Алабара з Лукашэнкам і братамі Карычамі. У той час Карычы пазбаўляліся ад часткі актываў праз еўрапейскія санкцыі, і іх месца ў праекце забудовы займаў мільярдэр з Эміратаў.

Emaar Properties (кампанія Алабара) планавала развіваць на поўначы Менска праект “Разумны горад”, аб’ём інвестыцый у які ацэньваецца на 4 млрд еўра. Першы камень на месцы будаўніцтва 2 кастрычніка 2020 года сімвалічна заклаў прэм’ер Раман Галоўчанка.

Беларускае Радыё Рацыя.