Менскі трактарны завод інтэнсіўна згортвае сваю прысутнасць у іншых краінах. Яго даччыныя кампаніі і прадстаўніцтвы адно за адным закрываюцца або рыхтуюцца да ліквідацыі ў Еўропе, Азіі і Афрыцы. Рэальна дзейных структур засталося некалькі — у асноўным у Расеі. Гэта высветліла «Люстэрка» з непублічных дакументаў, атрыманых з дапамогай BELPOL.

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка раней заяўляў, што МТЗ — гэта «брэнд нашай краіны» і ў яго прадукцыі «мае патрэбу ўвесь свет». У лістападзе мінулага года падчас прызначэння новага кіраўніка завода Лукашэнка запатрабаваў прадаваць больш трактароў за мяжу.
На Гомельшчыне пабольшала працоўных мігрантаў
Улады Гомельскай вобласці паведамілі, колькі працоўных мігрантаў працуе ў рэгіёне, піша «Флагшток». Паводле статыстыкі, у Гомельскай вобласці ў 2024 годзе працавала больш за 2 тысячы працоўных мігрантаў, у 2025 – звыш 3 тысяч чалавек. Гэта грамадзяне Туркменістана, Украіны, Расеі, Узбекістана, Бангладэш і іншых краін. Заяўляецца, што “прыцягненне кваліфікаванай замежнай працоўнай сілы дазваляецца выключна ў тым выпадку, калі заняць вакансію не можа беларус ці іншаземец, які стала пражывае ў нашай краіне”.
Удакладняецца, што іншаземцы працуюць прадаўцамі, кіроўцамі, грузчыкамі, жывёлаводамі і цеслярамі.
Беларускія дранікі хочуць уключыць у спіс ЮНЕСКА
Беларускія спецыялісты рыхтуюць дакументы для намінацыі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Як піша Office Life са спасылкай на дзяржаўныя СМІ, у спіс плануюць уключыць стравы з цёртай бульбы. “Наяўнасць аб’ектаў у спісе сусветнай спадчыны павышае прэстыж, робіць гэтыя аб’екты і саму дзяржаву больш вядомымі, прывабнымі для турыстаў”, — адзначаецца афіцыйна.
Змяніліся перавагі палякаў адносна адпачынку
Балгарыя — найбольш відавочная ахвяра новага выбару палякаў. Продажы адпачынку ў гэтую краіну складаюць 60% ад таго, што было яшчэ да пандэміі. Таксама палякі развітваюцца з бюджэтнымі адпачынкамі, выбіраючы гатэлі з большай колькасцю зорак, асабліва ў Турцыі, Егіпце і Тунісе, піша партал Onet.pl.
Наступная змена – выбар адпачынку з паслугай «усё ўключана». Гэты выбар на сёння складае да 90% браніраванняў. І яшчэ адна заўважная змена – выбар гатэляў толькі для дарослых. Хоць далей на Захадзе яны з’яўляюцца нормай, попыт у Польшчы хутка расце. “Мы выразна бачым гэтую тэндэнцыю: у нас прапануецца ўсё больш і больш гатэляў толькі для дарослых”, — раскрывае генеральны дырэктар найбуйнейшага турыстычнага агенцтва Польшчы. Ён тлумачыць гэта дэмаграфічнымі зменамі ў грамадстве.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: km124.






