Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы на патрабаванне падатковых службаў краіны замарозіла актывы і ўвяло забарону на дзейнасць польскай кампаніі Tradeservice, заснаванай грамадзянамі Беларусі Аляксандрам Дубінай і Юрыем Шпілеўскім. Прычына – садзейнічанне абыходу санкцый Еўразвязу ў дачыненні да Расеі, адзначаецца ў артыкуле выдання Rzeczpospolita.

У матэрыяле сцвярджаецца, што афіцыйна Tradeservice ужо амаль два гады экспартуе раскошныя аўтамабілі і матацыклы з Польшчы ў Беларусь, але на справе яны трапляюць да багатых пакупнікоў з Расеі. Большасць перавезеных транспартных сродкаў былі задэклараваныя да ўвазнога мытнага афармлення на беларускім баку, аднак пераважная частка з іх так і не была зарэгістраваная на тэрыторыі Беларусі.
«Недружалюбныя» шампуні і пасты застаюцца пад высокімі пошлінамі
Аляксандр Лукашэнка падоўжыў на год — да 30 чэрвеня 2025-га — дзеянне ўказа, які прадугледжвае спагнанне павышаных мытных пошлін пры ўвозе шампуняў, сродкаў для валасоў і чысткі зубоў, што паходзяць з “краін англасаксонскай групы (ЗША, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя)”. Стаўкі былі павялічаныя больш чым у пяць разоў (з 6,5% да 35% мытнага кошту) ў першай палове студзеня.
Паведамлялася, што дакумент накіраваны на “абарону эканамічных інтарэсаў Беларусі” і на тое, каб стварыць умовы для замены імпарту на тавары з Еўразійскай эканамічнай прасторы. Акрамя таго, спіс тавараў у новым указе дапоўнены новымі пазіцыямі.
Лідская абутковая фабрыка выйшла з банкруцтва
Лідская абутковая фабрыка выйшла з банкруцтва: дапамагла рэструктурызацыя. Пра гэта піша газета «Рэспубліка» са спасылкай на дырэктара прадпрыемства Тамару Ігнатовіч.
На сёння ў Лідзе выпускаюць больш за сто мадэляў абутку: красоўкі, бацінкі, тапачкі, валёнкі ды іншае. Акрамя таго, тут вырабляюць спецабутак для шэрагу прадпрыемстваў, сярод якіх – «Гродна Азот», «Беларуськалій», «Нафтан», МТЗ і многія іншыя. Летась вытворчая магутнасць фабрыкі склала 265 тысяч пар абутку, у планах павялічыць да 286 тысяч пар.
Як піша Office Life, у мінулым годзе Агенцтва па ўпраўленні актывамі выкупіла даўгі Лідскай абутковай фабрыкі. Сума запазычанасці склала больш за 2,4 мільёны рублёў.
Беларусь заваліла Смаленшчыну таварамі і паслугамі
Па выніках 2023 года пастаўкі тавараў і паслуг з Беларусі ў Смаленскую вобласць перавысілі зваротную плынь амаль у чатыры разы. Пра гэта паведамляецца са спасылкай на губернатара Смаленскай вобласці Васіля Анохіна на сайце Савета Федэрацыі РФ. У прыватнасці, тавараабарот паміж бакамі па выніках года склаў 270,2 млрд. расейскіх рублёў. З іх аб’ём экспарту – 57,1 млрд расейскіх рублёў, аб’ём імпарту з Беларусі ў Смаленскую вобласць – 213,1 млрд.
Як піша «Беларусы і рынак», беларускія вытворцы пастаўляюць у расейскі рэгіён харчовыя тавары і сельскагаспадарчую сыравіну, мінеральныя прадукты, гарбарную сыравіну, пушніну і вырабы з іх, драўніну і цэлюлозна-папяровыя вырабы
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц.






