Пры фарміраванні базы дадзеных працаздольных грамадзян, незанятых у эканоміцы, будзе ўлічвацца інфармацыя, прадстаўленая Міністэрствам унутраных спраў Расеі. Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў Беларусі № 53 ад 25 студзеня 2024 года, якая сёння, 31 студзеня, афіцыйна апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БелТА.

Дакумент уносіць змяненне ў пастанову Савета Міністраў ад 31 сакавіка 2018 года. Новая пастанова ўдакладняе пералік асоб, якія адносяцца да працаздольных грамадзян, незанятых у эканоміцы, а таксама парадак працы з базамі дадзеных такіх асоб.
Акрамя таго, цяпер Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі на падставе інфармацыі, прадстаўленай МУС Расеі, штомесяц да 20-га чысла павінна перадаваць у Дзяржаўны пагранічны камітэт інфармацыю пра беларусаў, якія выехалі з тэрыторыі Расеі і заехалі на тэрыторыю Расеі праз пункты пропуску расейскай дзяржаўнай граніцы.
Таксама МУС павінна падаваць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны звесткі аб грамадзянах, якія аформілі выезд для пастаяннага пражывання за межамі Беларусі або якія стаяць на міграцыйным уліку ў Расеі, на падставе інфармацыі, прадстаўленай МУС РФ.
Дзяржаўны пагранічны камітэт штоквартальна павінен прадастаўляць у Міністэрства працы і сацыяльнай абароны звесткі пра грамадзянаў ва ўзросце ад 18 гадоў да агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту, якія выехалі за межы Беларусі, а таксама з тэрыторыі Расеі і адсутных сумарна 30 і больш каляндарных дзён у квартале, за які фарміруецца база даных.






