BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

МВФ палепшыў прагноз для эканомікі Беларусі

Міжнародны валютны фонд (МВФ) у красавіцкім аглядзе палепшыў прагноз росту беларускай эканомікі ў бягучым годзе.

На думку аналітыкаў МВФ, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках года вырасце на 2,8%, па выніках наступнага года — на 2%. Інфляцыю сёлета фонд прагназуе на ўзроўні 5,5%, на наступны год — 5,8%.

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі параметрамі на 2025 год, рост ВУП мае скласці 4,1%, інфляцыя не павінна перавысіць 5%.

Чарговая крымінальная справа за хабарніцтва

Супрацоўнікі Упраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі УУС Берасцейскай вобласці выявілі карупцыйную схему ў галіне перапрацоўкі мяса, паведаміла прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.

Паводле ведамства, генеральны дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Пінска атрымаў хабар на прыкладна 14 тысяч рублёў ад прадстаўнікоў берасцейскай фірмы, якая прадае харчовыя дабаўкі. Такім чынам прадпрымальнікі плацілі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў рэгулярных закупак іх прадукцыі. Прадстаўнікі фірмы такім жа чынам вялі бізнес са службовымі асобамі мясаперапрацоўчых прадпрыемстваў Гарадзенскай, Менскай абласцей і Камянецкага раёна Берасцейскай вобласці. Агульная сума хабару склала каля 18 тысяч рублёў. Следчы камітэт пачаў крымінальную справу. Падазраваныя затрыманыя.

Даследаванне: як беларусы часцей за ўсё шукаюць працу 

Узровень занятасці сярод жыхароў Беларусі працаздольнага ўзросту – 84,5%. А сярэдні ўзровень беспрацоўя – 2,8%. Такія звесткі прадставіў Белстат па выніках выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак у першым квартале.

Што тычыцца пошуку працы, то часцей за ўсё яе шукалі праз інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі – такім спосабам карысталіся 64,7% апытаных. Толькі крыху саступае варыянт звярнуцца да сяброў, сваякоў або знаёмых – 64,2%. Кожны пяты шукаў працу праз службу занятасці і Агульнарэспубліканскі банк вакансій, а 14,4% непасрэдна звярталіся ў арганізацыю, піша Office Life.


Як шануецца праца настаўніка: параўнанне заробкаў

Прадстаўнікі Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў правялі даследаванне ў некаторых краінах на тэму заробкаў настаўнікаў, піша «Салідарнасць».

У адной з менскіх школ маладая настаўніца з нагрузкай 37 гадзін у тыдзень атрымлівае 2 560 рублёў да выліку падаткаў. Гэта прыкладна 638 еўра.

У Латвіі настаўнік з нагрузкай 40 гадзін у тыдзень атрымлівае 1526 еўра ў месяц да выліку падаткаў, на якія ідзе прыкладна трэць гэтай сумы. На жыццё застаецца каля 1026 еўра, калі не ўлічваць магчымыя даплаты, напрыклад, прэміі.

У Германіі дзяржаўныя настаўнікі атрымліваюць базавую заработную плату ў памеры каля 58-80 тысяч еўра ў год (прыкладна 4833-6670 еўра ў месяц) – да выліку падаткаў. У розных федэральных землях заробак адрозніваецца.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pixabay.com