Міжнародны валютны фонд у сваім восеньскім аглядзе палепшыў прагноз па росце беларускай эканомікі ў 2024 годзе. На думку аналітыкаў МВФ, валавы ўнутраны прадукт Беларусі па выніках гэтага года вырасце на 3,6%, 2025-га — на 2,3%. Інфляцыю па выніках 2024-га фонд прагназуе на роўні 6%, на наступны год — 6,4%. Гэтыя паказчыкі на некалькі дзясятых лепшыя за ранейшыя.

На гэтым тыдні таксама Сусветны банк істотна павысіў свой прагноз па росце эканомікі Беларусі. На думку аналітыкаў, ВУП у бягучым годзе вырасце на 4%. У вясновым аглядзе прагноз быў значна сціплейшым: 1,2%, піша “Позірк”.
Польшча з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам гусінага мяса ў Еўразвязе
Польшча з’яўляецца найбуйнейшым вытворцам гусінага мяса ў Еўразвязе і лідарам па экспарце на еўрапейскім рынку. Акурат пачынаецца «гусіны сезон», пік якога прыпадае на 11 лістапада на дзень святога Марціна і Дзень Незалежнасці Польшчы.
Адна з самых вядомых польскіх гусіных фермаў знаходзіцца ў Калудзе Вялікай у паўночнай частцы Польшчы. Там разводзяць белых калудскіх гусей. Аказваецца, яшчэ летам пачынаюць з’яўляцца замовы на 11 лістапада. Акрамя таго, як сцвярджаюць гадавальнікі гусей, гусінае мяса вельмі карыснае. Мяса з Польшчы ў асноўным экспартуецца ў Германію, Францыю і Аўстрыю, піша «Беларуская служба Польскага радыё».
Беларусь хоча пашырыць напрамкі авіяцыйных зносін
Беларусь падпісала дакументы ў сферы грамадзянскай авіяцыі з Саудаўскай Аравіяй, Кувейтам і Марока, паведамляе прэс-служба Міністэрства транспарту і камунікацый. Гэта адбылося ў рамках міжнароднай канферэнцыі ICAN 2024, якая праходзіць у Малайзіі. Акрамя гэтага беларускі бок абмеркаваў з авіяцыйнымі ўладамі ААЭ перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва.
У Беларусі авіяперавозкамі займаецца кампанія “Белавія”, якая ажыццяўляе палёты ў дзевяць краін. Авіякампаніі “Белавія” забаронена лятаць у краіны Еўразвязу пасля інцыдэнту 23 траўня 2021 года, калі ў выніку дзеянняў уладаў Беларусі ў менскім аэрапорце здзейсніў вымушаную пасадку самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афін у Вільню.
З Польшчы ў Беларусь увозілі буйную партыю тэлевізараў LG
Польскі перавозчык пры перасячэнні пункта пропуску “Казловічы” прад’явіў берасцейскім мытнікам дакументы на тэлевізары на суму 350 тысяч рублёў. Як паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце, падчас праверкі высветлілася, што фактычны кошт быў заніжаны ў паўтара раза. Кошт грузу ацанілі ў 530 тысяч рублёў. За кошт непраўдзівых звестак перавозчык разлічваў зэканоміць амаль 54 тысячы рублёў мытных плацяжоў.
Адносна перавозчыка распачаты адміністрацыйны працэс. Яму пагражае штраф у памеры да 30 працэнтаў ад кошту прадмета адміністрацыйнага правапарушэння.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: brecorder.com.






