BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

МЗС Літвы: Еўропа не разглядае адмену санкцый супраць Беларусі

Пасля таго, як у суботу Злучаныя Штаты Амерыкі адмянілі санкцыі ў дачыненні да беларускіх калійных угнаенняў, міністэрства замежных спраў Літвы адзначыла, што ў Еўрапейскім звязе гэтае пытанне не абмяркоўваецца, перадае LRT.

«ЗША прымаюць самастойныя рашэнні пра санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму, якія не звязаныя з санкцыямі з боку Еўрапейскага звязу. У ЕЗ не вядзецца ніякіх абмеркаванняў пра адмену санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму», — гаворыцца ў каментары міністэрства.

У ім таксама падкрэсліваецца, што ні адна з прычын, паводле якіх ЕЗ пачаў прымяняць санкцыі да Беларусі, не знікла:

  1. унутраныя рэпрэсіі,
  2. ушчамленне дэмакратыі,
  3. інструменталізацыя міграцыі,
  4. дапамога Расеі ў агрэсіі супраць Украіны,
  5. камбінаваная гібрыдная атака.

«Вызваленне палітычных зняволеных з’яўляецца важным дыпламатычным дасягненнем, але пазіцыя Літвы застаецца нязменнай: дзеянні Беларусі наносяць вялікую шкоду бяспецы Літвы, ЕЗ і NATO», — заявілі прадстаўнікі міністэрства.

Паводле svaboda.org.