Беларуская чыгунка плануе скараціць 30% работнікаў, паведамляе інтэрнэт-выданне “Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі”. Калі раней кіраўніцтва кампаніі гаварыла пра масавае скарачэнне 8 тысяч супрацоўнікаў, то цяпер агучваецца лічба больш за 18 тысяч чалавек.

Яшчэ 22 красавіка 2025 года начальнік Беларускай чыгункі Уладзімір Верэніч на ўнутранай нарадзе пацвердзіў планы маштабнай “аптымізацыі”, паведамляюць крыніцы супольнасці.
Прычына — рэзкае падзенне аб’ёмаў перавозак і, як вынік, змяншэнне даходаў.
Пры гэтым супрацоўнікаў не звальняюць наўпрост, а падштурхоўваюць да “добраахвотнага” сыходу. Ім адмяняюць надбаўкі і прэміі, зніжаюць зарплаты, дадаюць новыя абавязкі, паведамляе інтэрнэт-выданне.






