Рабатызацыя — адзін з асноўных фактараў “павышэння тэхналагічнасці эканомікі ў новай пяцігодцы”, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар на форуме ў Менску, прысвечаным выкарыстанню ІТ-рэсурсаў у прамысловасці. У сувязі з гэтым абласным уладам ды іншым адказным структурам загадалі да 1 сакавіка падрыхтаваць планы па ўкараненні на вытворчасці робатаў.

Як прыгадвае “Позірк”, летась у верасні прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын заявіў, што робататэхніха з’яўляецца адным з шасці “перспектыўных напрамкаў” развіцця айчыннай прамысловасці. Урад ставіць мэту дасягнуць “сярэднесусветнага ўзроўню рабатызацыі — каля 150 робатаў на 10 тысяч работнікаў”. Таму, зазначыў прэм’ер, спатрэбіцца “інтэграваць у вытворчасць дзясяткі тысяч робатаў”, і прапанаваў стварыць разам з Расеяй “саюзнага прамысловага робата”.
Найбуйнейшае мясаперапрацоўчыя прадпрыемства Гомеля хоча стаць банкрутам.
У другім па насельніцтве беларускім горадзе Гомелі банкруціцца галоўнае прадпрыемства, якое забяспечвае жыхароў мясапрадуктамі – Гомельскі мясакамбінат. Ён, як піша Office Life, сам падаў заяву аб сваёй эканамічнай неплацежаздольнасці ў мясцовы Эканамічны суд.
Сітуацыя на прадпрыемстве складаная. На канец 2025 года яго запазычанасць перад крэдыторамі складала больш за 122,7 мільёнаў рублёў. Хаця пратэрміноўкі па абавязковых плацяжах у бюджэт і зарплаце на той момант не было. Мясакамбінат з’яўляецца горадаўтваральным прадпрыемствам, на ім працуе больш за 750 чалавек.
З Беларусі запусцілі яшчэ адзін прамы аўтобус у Кракаў
Рэйсавы аўтобус паміж Менскам і Кракавам з’явіўся па суботах. З беларускай сталіцы ён адпраўляецца ў 02.30. Аб новым рэйсе распавялі Office Life прадстаўнікі сэрвісу “Атлас Бас”. У зваротным напрамку аўтобус будзе курсіраваць па нядзелях. З Кракава ён стартуе ў 20.40. Паездка ў адзін бок абыдзецца ў 220 рублёў. Па дарозе аўтобус заязджае ў Варшаву, Баранавічы і Берасце.
Раней з 10 лютага запусцілі рэгулярны аўтобусны рэйс з Гомеля ў Кракаў. Па дарозе ён заязджае ў Магілёў і Берасце, а на тэрыторыі Польшчы – у Варшаву.
Еўрапейскі цэнтральны банк заклікае захоўваць спакой
Еўрапейскі цэнтральны банк апублікаваў рэкамендацыі для жыхароў Еўразвязу. Дакумент мае назву: “Захоўвайце спакой і насіце наяўныя грошы”. Цэнтральны банк заяўляе, што ў цяперашніх абставінах нельга выключыць сітуацыю, калі доступ да грошай на рахунках будзе заблакаваны на працяглы час. Эксперты нагадваюць, што лічбавыя плацежныя сістэмы цалкам залежаць ад электрычнасці і інтэрнэту. Дастаткова адключэння электраэнергіі, каб банкаматы, плацежныя тэрміналы і банкаўскія прыкладанні раптоўна перасталі працаваць. Прыкладам з’яўляецца студзеньскае адключэнне электраэнергіі ў Берліне.
Эксперты раяць мець дома невялікі запас наяўных грошай на некалькі дзён. Так, улады Нідэрландаў, Аўстрыі і Фінляндыі раяць мець на кожнага сямейніка ад 70 да 100 еўра, або іншую суму на асноўныя патрэбы прыкладна на 72 гадзіны, паведамляе “Польскае радыё”.
Беларускае Радыё Рацыя






