На Беларускім металургічным заводзе прызналі, што сітуацыя на прадпрыемстве складаная, піша “Флагшток”.

Намеснік генеральнага дырэктара завода Уладзімір Чавус паведаміў, што першыя месяцы года былі няпростымі з-за цяжкай сітуацыі на знешніх рынках. Асноўным рынкам застаецца Расея, а продажы ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе не заўсёды прыносяць прыбытак. Ён адзначыў, што нявыгадна выкарыстоўваць дарагую сыравіну для вытворчасці прадукцыі, якую потым даводзіцца прадаваць па нізкіх цэнах. Тым не менш, Чавус падкрэсліў, што завод працуе з прыбыткам, таму скарачаць людзей не плануюць.
Пры гэтым, як высветліў “Флагшток”, супрацоўнікаў прымушаюць браць два дні адпачынку за свой кошт кожны месяц, а прэміі выплачваюцца напалову. У выніку сярэдні даход работнікаў знізіўся прыкладна на 500 рублёў.
Цана золата зноў вырасла, эксперты тлумачаць прычыны
Золата падаражала на Чыкагскай таварнай біржы, склаўшы 3 тысячы 413 даляраў за тройскую ўнцыю. Цана каштоўнага металу перавысіла адзнаку ў 3400 даляраў упершыню амаль за месяц. Верагодна, што рынак не верыць у хуткае ўрэгуляванне эканамічных і ваенных канфліктаў.
Як піша Office Life, адна з галоўных прычын сітуацыі – рост геапалітычнай і гандлёвай напружанасці. Маюцца на ўвазе нядаўнія ўзаемныя паветраныя атакі Расеі і Украіны і планы Трампа падняць пошліны на сталь і алюміній да 50%. Яшчэ адной прычынай з’яўляецца далейшае аслабленне даляра. Эксперты прагназуюць, што ён патаннее ў дачыненні да кошыку з шасці сусветных валют да ўзроўню перыяду пандэміі. З пачатку года індэкс даляра ўжо знізіўся на 10%.
PZU і Pekao створаць новую групу на польскім фінансавым рынку
На польскім фінансавым рынку чакаюцца вялікія змены – страхавы гігант PZU і банк Pekao плануюць стварыць новую страхавую і фінансавую групу. Кампаніі падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве. Чакаецца, што новая група будзе створаная ў сярэдзіне наступнага года.
Абодва дзяржаўныя суб’екты захаваюць сваю ідэнтычнасць, адметнасць і аперацыйную аўтаномію ў сваіх сферах бізнесу. Аднак новую групу ўзначаліць банк, а не страхавальнік. Група, створаная пасля зліцця абедзвюх кампаній, стане адной з найбуйнейшых фінансавых устаноў у Еўропе. Яе магчымасці фінансавання патрэб польскіх сем’яў і кампаній, у тым ліку развіцця стратэгічных для эканомікі сектараў, значна павялічацца, паведамляе “Беларуская служба Польскага радыё”.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: belsat.eu (Беларускі металургічны завод)






