BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На Гарадзеншчыне – нізкая гатовасць да пасяўной і прыпіскі

Камітэт дзяржаўнага кантролю Гарадзенскай вобласці правёў праверку гатоўнасці гаспадарак да веснавых палявых работ. У справаздачы, якую рэдакцыі Еўрарадыё перадала ініцыятыва BELPOL, адзначана: па стане на 8 студзеня гатовасць камбінаваных глебаапрацоўчых пасяўных агрэгатаў ні ў адным з раёнаў не наблізілася да 50%.

Асабліва на агульным фоне вылучаецца Мастоўскі раён. Там гатовасць да працы пасяўных агрэгатаў складала ўсяго 9%. А самаходныя апырсквальнікі на колах нізкага ціску гатовы да палявых работ на 0%. У КДК адзначаюць, што некаторыя гаспадаркі падвышаюць паказчыкаў гатоўнасці тэхнікі да работ толькі на паперы.

Пад Гомелем будуюць самы буйны ў Беларусі свінакомплекс

У Гомельскім раёне, нягледзячы на маразы, працягваецца будаўніцтва самага буйнога ў Беларусі свінагадоўчага комплексу, разлічанага на 100 тысяч галоў, паведамляе прэс-служба Гомельскага абласнога выканкама.

У межах праекта плануецца ўзвесці 26 фермаў. Будаўніцтва пачалося летась у траўні, завяршыць аб’ект плануюць у снежні 2027 года. Абласныя ўлады запэўніваюць, што гэты свінагадоўчы комплекс з’яўляецца пілотным для краіны: пры яго ўзвядзенні выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі, піша “Наша Ніва”.

Павышэнне камуналкі перанеслі на 1 сакавіка

Аляксандр Лукашэнка перанёс павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі з 1 студзеня на 1 сакавіка 2026 года. Афіцыйна рашэнне прынята, каб паменшыць фінансавую нагрузку на насельніцтва пры аплаце ацяплення ў моцныя студзеньскія маразы.

Паводле папярэдніх разлікаў, выдаткі энергетычных арганізацый на ацяпленне з-за маразоў павялічыліся на 45%, што магло прывесці да значнага росту плацяжоў для грамадзян. Раней планавалася, што новыя тарыфы пачнуць дзейнічаць з пачатку 2026 года, і першы этап павышэння склаў бы 19,37 рубля на ўсе паслугі, акрамя ацяплення і гарачай вады.

Польскі рынак працы не вытрымае без замежнікаў

Новы рэкорд у рэестрах Упраўлення сацыяльнага страхавання (ZUS): колькасць замежнікаў, якія легальна працуюць у Польшчы, павялічылася амаль на 100 тысяч у мінулым годзе. У прыватнасці, вырасла як колькасць украінцаў, так і работнікаў з аддаленых куткоў свету, паведамляе Rzeczpospolita, якую цытуе Польскае радыё.

У рэестрах ZUS цяпер 1,29 мільёна замежнікаў, якія легальна працуюць у Польшчы. Гэта на 8 працэнтаў больш, чым год таму. Штогод павялічваецца колькасць замежных работнікаў у сферы транспарту, лагістыкі, грамадскага харчавання і харчовай прамысловасці. Пры гэтым асабліва запатрабаваныя замежнікі ў мяса- і рыбаперапрацоўцы.

Сярод замежных работнікаў дамінуюць украінцы, далей ідуць беларусы, грузіны, індыйцы і калумбійцы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.