BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На «Гродна-Азоце» расказалі, як правяраюць супрацоўнікаў

Апошнія гады на вядучых заводах супрацоўнікаў адпраўляюць на паліграф. Такая практыка ёсць, напрыклад, на прадпрыемствах, якія працуюць на абаронную прамысловасць, або на стратэгічна важных як «Гродна-Азот».

Як расказалі «Нашай Ніве» супрацоўнікі «Гродна-Азот», падобная практыка пагаршае сітуацыю з недахопам кадраў. Але кіраўніцтва працягвае звальняць «нелаяльных». Паліграф даводзіцца праходзіць як пры працаўладкаванні (прынамсі на адказныя пасады, простых рабочых на паліграф звычайна не адпраўляюць), так і пры працягу дамовы. Праз паліграф у першую чаргу праходзяць супрацоўнікі з ліку «нядобранадзейных», калі паўстае пытанне працягваць кантракт. Таксама могуць выклікаць тых, каго палічаць падазроным праз нейкія дзеянні або выказванні на працы.

Беларускі экспарт паліва абрынуўся

У 2024 годзе Беларусь вывезла ў Расею чыгункай 5,7 млн тонаў нафтапрадуктаў — амаль на 25% менш, чым у 2023-м. Пра гэта піша “Бюро” са спасылкай на дакументы, атрыманыя “Супольнасцю чыгуначнікаў Беларусі”. Найбольшы спад прыпаў на дызельнае паліва (мінус 58%) і бензін (мінус 13%). Раней Беларусь экспартавала амаль удвая больш — да 11 млн тонаў нафтапрадуктаў, якія ішлі праз краіны Балтыі і ва Украіну.  “Раней мы куплялі танную расейскую нафту і прадавалі нафтапрадукты ў Балтыю і ва Украіну з вялікай маржой. Цяпер усё пад санкцыямі — і яны спрацоўваюць”, — прызнаўся “Бюро” адзін з нафтатрэйдараў.

У адказ ўлады Беларусі накіравалі экспартныя патокі праз расейскія парты Санкт-Пецярбурга і Усць-Луга. Летась туды вывезена каля 4 млн тонаў нафтапрадуктаў, адкуль яны трапляюць у Індыю, Кітай і іншыя краіны. Але праз патрэбу ў выкарыстанні фірмаў-пракладак выдаткі выраслі, што зрабіла пастаўкі нявыгаднымі.

Гадавая інфляцыя ў красавіку склала 6,5%

Па выніках красавіка гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 6,5%. Гэта вынікае з даных Белстата. Інфляцыя працягвае расці з пачатку года. Па выніках студзеня яе ацэньвалі на 5,2%, у лютым яна была на роўні 5,6%, а ў сакавіку — 5,9%.

У красавіку год да года найбольш падаражэлі харчовыя тавары — на 8,3%, паслугі дадалі 7%. Нехарчовыя тавары падаражэлі за год на 3,6%.

Колькі зарабляе пакаленне Z? Яно хоча 10 тысяч злотых

Моладзь хоча 10 тысяч злотых чыстымі, але аказваецца, што сутыкненне з польскім рынкам працы можа быць жорсткім для маладога пакалення, якое ўпершыню ўладкоўваецца на працу.

Згодна з даследаваннем UCE Research ад пачатку 2024 года, амаль 15% маладых палякаў ва ўзросце 18–24 гадоў чакаюць заробку 15 тысяч злотых чыстымі ў месяц. Амаль палова ўсіх рэспандэнтаў лічыла заробак каля 8 000 злотых здавальняючым. Яшчэ адно даследаванне, праведзенае Універсітэтам SWPS і they.pl, паказвае, што 40% маладых палякаў лічаць 7500 злотых чыстымі ў месяц прыстойным заробкам, чытаем на forsal.pl. Моладзь адчувае рост цэн на жыллё, паслугі і тавары, што ўплывае на іх чаканні.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: azot.by.