BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

На «Гродна Азоце» расказалі пра змены пасля санкцый

Прадпрыемства «Гродна Азот» за апошні год у рамках стратэгіі дыверсіфікацыі экспарту азотных угнаенняў на траціну нарасціла пастаўкі прадукцыі ў Расею. У выніку ўдалося заняць на суседнім рынку долю 10% у нішы ўгнаенняў карбаміда-аміячнай сумесі. Пра гэта парталу glavagronom.ru расказаў намеснік генеральнага дырэктара па камерцыйных пытаннях Аляксей Страчэня.

Зараз больш за 2/3 сваёй прадукцыі завод пастаўляе на ўнутраны рынак. Акрамя таго, перавальвае ўгнаенні праз 15 тэрміналаў Балтыйскага і Азоўскага мораў. Хоць прагназуецца, што рост цаны на газ і чыгуначных тарыфаў, а таксама загружанасць расейскай чыгункі будуць бліжэйшым часам істотна стрымліваць экспарт азотных угнаенняў.

Экспарт ПВТ скараціўся амаль на мільярд даляраў

На сайце Парку высокіх тэхналогій размясцілі лічбы пра яго дзейнасць пачынаючы з 2006 года. Згодна з гэтай статыстыкай, пік па прыросце рэзідэнтаў (+319) быў дасягнуты ў 2019 годзе — у перыяд змены фармату парку. Цягам двух апошніх гадоў у ПВТ з´явілася 130 новых рэзідэнтаў. І гэта менш, чым у адным 2021-м.

Таксама прыведзеныя звесткі па аб’ёмах экспарту за час існавання ПВТ. Пік зафіксаваны ў 2021 годзе – 3,2 млрд даляраў. З таго часу знешнеэканамічная дзейнасць у гэтым напрамку падае. Так летась экспарт склаў 1,8 млрд даляраў. (паводле РС)

У сельскай гаспадарцы стала больш крадзяжоў

У Беларусі крадзяжоў маёмасці сельгасарганізацый стала больш. “Прафілактыка”, якую праводзяць сілавікі, пакуль не дае выніку — здарэнні фіксуюцца ўсё часцей і часцей, піша braslav-star.by. Працаўнікоў сельгасарганізацый праз раённую газету папярэджваюць пра адказнасць (у тым ліку і крымінальную), якая пагражае за крадзяжы.

Найчасцей міліцыя паведамляе пра выяўленае ў механізатараў скрадзенае паліва — яго выносяць сотнямі літраў. Камбікорм цягнуць сотнямі кілаграмаў, збожжа — тонамі. Нядаўна Аляксандр Лукашэнка зноў пагражаў працаўнікам сельгасарганізацый больш жорсткімі мерамі за крадзяжы. (Еўрарадыё)

LOT паляціць на Тэнэрыфэ

Польская дзяржаўная авіякампанія будзе лятаць на Тэнэрыфэ. LOT анансаваў адкрыццё новага, рэгулярнага злучэння, якое будзе дзейнічаць на працягу ўсяго зімовага сезону. Рэйсы па гэтым маршруце будуць адбывацца ў абодвух напрамках тры разы на тыдзень – па серадах, пятніцах і нядзелях. Маршрут з Варшавы на Тэнэрыфэ зойме прыкладна 6 гадзін.

Сёлета польскія авіялініі LOT адкрылі рэйсы, між іншым, у Ташкент, Афіны і Эр-Рыяд. Білеты на перасадкі з Варшавы на Тэнэрыфэ даступныя ва ўсіх каналах продажу авіяперавозчыка. (Польскае радыё)

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: vgr.by