На Менскім трактарным заводзе назвалі сваіх асноўных партнёраў падчас дзеяння заходніх санкцый. Гэта — Турцыя, Кітай і Расея, кажа кіраўніца аддзела імпарту прадпрыемства Таццяна Кабякова.

Паводле яе слоў, на сённяшні дзень “істотна скараціўся імпарт з краін Еўразвязу”, а “пастаўкі з Украіны цалкам спыніліся”. У выніку камплектуючыя прывозяць з КНР (аб’ём паставак вырас больш чым у два разы), з Сербіі (больш чым у паўтара разу), з Казахстана (пастаўкі выраслі ў 6 разоў).
У жніўні стала вядома, што падчас санкцый прадпрыемства збіраецца адкрываць новыя вытворчыя цэхі. Сярод іншага МТЗ будзе выпускаць камплектуючыя для расейскай ваеннай тэхнікі. (Еўрарадыё)
У Беларусі банкруцяць адну з мэблевых фабрык
Жодзінскую мэблевую фабрыку спрабуюць ліквідаваць вось ужо шэсць гадоў, а зараз адкрылі справу аб банкруцтве. Гэта вынікае з інфармацыі, апублікаванай у Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве.
З заявай аб банкруцтве прадпрыемства звярнулася Менскае абласное ўпраўленне ФСАН, якому яно яшчэ ў 2020 годзе завінавацілася 5,3 тысячы рублёў. Усяго ж крэдыторам Жодзінская мэблевая фабрыка павінна 219,6 тысяч рублёў. Прадпрыемства сям’і Волчык знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі са снежня 2017 года, вынікае з судовага дакумента. Прадпрыемства было заснавана ў 2003 годзе, яно займалася вытворчасцю мяккай мэблі і вырабаў з натуральнага каменю. (news.zerkalo.io)
Новабудоўлі ў Польшчы такія ж дарагія, як у Італіі ці Харватыі
Летась сярэдні кошт аднаго квадратнага метра жылля ў Польшчы ўпершыню ў гісторыі перавысіў дзве тысячы еўра. Разам з тым, крэдыты ў Польшчы былі самымі дарагімі ў Еўропе, піша Puls Biznesu. Выданне адзначае, што год таму сярэдні кошт аднаго квадратнага мэтру новай кватэры ў Польшчы складаў 2219 еўра. Аналагічна было ў Італіі – 2118 еўра і ў Харватыі – 2246 еўра. Гадавы прырост цаны квадратнага метра жылля ў Польшчы склаў 12,2 працэнтаў. Большы рост зафіксаваны толькі ў Венгрыі. Разам з тым цэны на нерухомасць упалі ў васьмі краінах ЕЗ, больш за ўсё – амаль на 11 працэнтаў – у Італіі.
Цэны на нерухомасць у параўнанні з сярэднім заробкам найбольш даступныя ў Нарвегіі і Даніі. Традыцыйна даражэй за ўсё ў сталіцах і мегаполісах, асабліва вылучаюцца Парыж і Амстэрдам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: bestbelarus.by