Падляшскія прадпрымальнікі станоўча ацанілі рашэнне польскага ўрада пра адкрыццё памежных пераходаў з Беларуссю.

Як падкрэсліла Эвеліна Грыгатовіч-Шумоўская з Альянсу польскіх прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход», памежны рух з’яўляецца ключавым элементам эканамічнага развіцця для жыхароў Падляшша. «У нашым рэгіёне пераважае сельскагаспадарчая і лясная гаспадаркі. Так званы шопінг-турызм быў рухаючай сілай нашай эканомікі», адзначыла яна.
Адкрыццё памежных пераходаў дазволіла аднавіць працу шматлікім арганізацыям сферы паслуг і камерцыі, у тым ліку транспартным кампаніям, гасцініцам і рэстаранам.
ВУП Беларусі вырас за дзесяць месяцаў на 1,5%
Белстат паказаў першую ацэнку валавога ўнутранага прадукту за студзень — кастрычнік 2025 года. Аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 234,6 мільярда рублёў, або ў супастаўных цэнах 101,5% да ўзроўню студзеня — кастрычніка мінулага года.
На праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся не хапае грошай
На праграму развіцця раёнаў Прыпяцкага Палесся не хапае каля 400 млн рублёў, ці 6% агульнага аб’ёму выдзеленых сродкаў (6,5 млрд рублёў), прызнаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, праграма да 2030 года ахоплівае 9 раёнаў, дзе жывуць 350 тысяч чалавек.
Прыпяцкае Палессе — фізіка-геаграфічны рэгіён, які ахоплівае ўсходнюю частку Берасцейскай, заходнюю частку Гомельскай, паўднёвую частку Менскай і паўднёва-заходнюю частку Магілёўскай абласцей. На сёння Беларусь не можа карыстацца еўрапейскімі праграмамі з увагі на рэпрэсійны рэжым Лукашэнкі і саўдзел у вайне супраць Украіны.
Сярэдні гадавы заробак у ЕС вырас на 5,2%
Еўрастат апублікаваў статыстыку за 2024 год па сярэднім гадавым заробку ў краінах Еўразвязу. Рост быў адзначаны паўсюль — ад Люксембурга, дзе атрымліваюць больш за ўсё, да Баўгарыі, якая пакуль замыкае рэйтынг адстаючых, паведамляе «Еўраньюс». Згодна з апошняй спраздачай Еўрастата, сярэдні гадавы заробак у краінах ЕЗ вырас на 5,2%. Сярэдні паказчык склаў 39 808 еўра ў год, павялічыўшыся амаль на 2 000 еўра год да года.
Лідарам па памеры заробкаў чарговы раз стаў Люксембург са сярэднім паказчыкам 82 969 еўра ў год, за ім ідуць Данія ды Ірландыя. У самым нізе рэйтынгу размясціліся Балгарыя з 15 387 еўра ў год. Польшча — 21‑я, там 21 246 еўра ў год.
Беларускае Радыё Рацыя






