Берасцейская вобласць хоча прыцягнуць кітайскіх партнёраў на Пінскі суднабудаўнічы завод. Адпаведныя дамоўленасці былі дасягнуты ў час візіту дэлегацыі рэгіёна ў КНР.

«Наведвалі суднаверф, якая вырабляе акіянскія лайнеры, кантэйнеравозы, сухагрузы, але нам цікава супрацоўніцтва з Пінскім суднабудаўніча-суднарамонтным заводам. У бліжэйшы час дэлегацыя гэтай суднаверфі будзе ў горадзе Пінску, каб ацаніць тэхнічны стан і магчымасць вырабляць рачныя судны, у якіх мы сёння маем патрэбу і Расейская Федэрацыя. Гэта значыць рынак дастаткова вялікі», – паведаміў у эфіры СТВ намеснік старшыні Берасцейскага аблвыканкама Міхаіл Бацэнка.
«Атлант» завяршыў 2024 год са стратамі
Завод «Атлант» па выніках 2024 года зафіксаваў рост выручкі, але апынуўся ў мінусе па прыбытку. Паводле дакумента, апублікаванага BELPOL, страта прадпрыемства склала 18,8 млн рублёў.
Пагаршэнне фінансавых паказчыкаў звязана з высокай запазычанасцю, ростам цэн на камплектуючыя з-за санкцый, не выкананнем плана экспарту (толькі па пральных машынах больш за 60%) і павелічэннем складскіх запасаў. На пачатак гэтага года на складах заставалася гатовай прадукцыі на суму больш за 151 млн рублёў. “Атлант” спрабуе адаптавацца да бягучай сітуацыі. Прадпрыемства прадае сваю тэхніку праз маркетплейсы Wildberries і Ozon, а таксама пачало супрацоўніцтва з іншымі буйнымі рытэйларамі.
Як прыгадвае «Еўрарадыё», з 21 красавіка па 8 траўня «Атлант» пайшоў у прастой.
Малыя кватэры, але папулярныя
У Польшчы стабільным попытам карыстаюцца аднапакаёвыя кватэры, так званыя «кавалеркі». Гэта адбываецца на фоне высокіх цэн на жыллё і абмежаванай даступнасці іпатэчных крэдытаў. Многія палякі вымушаныя ў выніку абмяжоўваць і свае жыллёвыя планы.
Як вынікае з новага аналізу, праведзенага групай Morizon-Gratka, «кавалеркі» на сёння складаюць 12,5% ад агульнага попыту на жыллё на другасным рынку. Пры гэтым самыя дарагія аднапакаёвыя кватэры ў Варшаве, дзе іх сярэдні кошт складае 568 тысяч злотых, а самыя танныя – у Быдгашчы, там сярэдні кошт 253 тысячы злотых.
Ліст з Тытаніка прадалі за вялізныя грошы
Сувеніры, звязаныя з Тытанікам, карыстаюцца няспыннай папулярнасцю. Гэта пацвярджае і аўкцыён, які правёў аўкцыённы дом Henry Aldridge and Son w Wiltshire. На ім прадалі ліст, напісаны пасажырам трагічнага рэйсу за чатыры дні да катастрофы Тытаніка. Новы ўласнік заплаціў за яго 300 тысяч фунтаў. Пры гэтым сам аўкцыённы дом спадзяваўся, што за ліст, высланы 10 красавіка 1912 года, атрымае 60 тысяч фунтаў.
Аўтар ліста – пасажыр першага класа, палкоўнік і бізнесмен Арчыбальд Грэйс піша ў лісце, што дасць ацэнку незатапляльнаму Тытаніку (так судна рэкламавалі) да канца свайго падарожжа.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: yandex.by.