Больш за 220 тыс. вакансіяў прапануецца на рынку працы Беларусі. Пра гэта сведчаць даныя на сайце Дзяржаўнай службы занятасці. За няпоўныя дзве дэкады колькасць прапаноў павялічылася на 1,76%. Больш за ўсё вакансій адкрыта ў Менску. Адметна, што сума вакансій у рэгіёнах дае выніковы паказчык 219.717, што не роўна агульнай колькасці на сайце службы.

Як заявіла раней дырэктарка сэрвісу па пошуку працы і персаналу “HeadHunter Беларусь” Святлана Шапарава, сёлета і ў бліжэйшыя 10 гадоў тэндэнцыі няхваткі персаналу на рынку працы ў Беларусі будуць захоўвацца.
Паводле даных Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек пакінулі Беларусь пасля падзей жніўня 2020 года. У лютаўскім дакладзе Групы незалежных экспертаў ААН па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі гаварылася, што з краіны за гэты час магло з’ехаць да 600 тыс. грамадзян.






