Стала вядомая статыстыка пра ўзровень складскіх запасаў у прамысловасці па стане на 1 сакавіка. Паводле аператыўных ацэнак чыноўнікаў, на складах Беларусі на пачатак месяца ляжала прадукцыя на 12,201 млрд рублёў. Гэта амаль на 18% больш год да года, заўважае выданне banki24.by. У Менску затаваранасць складоў склала 118,4%.

Павелічэнне запасаў тлумачаць нізкім попытам на беларускую прадукцыю ў Расеі. Для большасці беларускіх прамыслоўцаў расейскі рынак збыту застаецца самым важным сярод знешніх рынкаў. Аднак цяпер і на ім паўсталі праблемы, у тым ліку гэта канкурэнцыя з кітайскай прадукцыяй і ўласна расейскай.
Фінансавыя санкцыі не павінны закранаць беларусаў з легальным статусам
Фінансавыя санкцыі не павінны закранаць беларусаў і расейцаў, якія маюць легальны статус у Еўразвязе. Пра гэта гаворыцца ў абнаўленні да зборніка тлумачэнняў па санкцыях, які выпусціла Еўракамісія. На дакумент звярнуў увагу тэлеграм-канал Złoty Dzik. Але тэлеграм-канал прызнае, што на практыцы могуць узнікаць складанасці. Банкі могуць праводзіць дадатковыя праверкі або абмяжоўваць паслугі ў рамках уласнай унутранай палітыкі дзеля процідзеяння адмыванню грошай.
Так, беларусы ў Польшчы нярэдка сутыкаюцца з праблемамі пры адкрыцці банкаўскіх рахункаў. Польскія фінансавыя ўстановы адмаўляюцца адкрываць рахункі ці блакуюць ужо адкрытыя. Сітуацыяй нават занялася Камісія па фінансавым наглядзе Польшчы.
Пасля нападу на буйныя іранскія радовішчы рэзка выраслі цэны на нафту і газ
У сераду былі атакаваны буйныя нафтагазавыя аб’екты ў Іране. Сусветныя рынкі тут жа адрэагавалі на гэта ростам цэн на газ і нафту. Так, кошт травеньскіх ф’ючэрсаў на нафту маркі Brent вырас на 5% – да $108,6 за барэль. Цэны на прыродны газ у Еўропе з пастаўкай у красавіку падскочылі на 1,35% і склалі $632,5 за тысячу кубаметраў.
Каб зменшыць наступствы крызісу, ЗША на месяц аслабілі санкцыі ў дачыненні да расейскай нафты, якая была загружана на караблі да 12 сакавіка. Кітай, Паўднёвая Карэя, Філіпіны і Інданезія ўжо праявілі цікавасць да закупак нафты з Расеі.
Вяртанне да расейскіх энерганосьбітаў непрымальнае
Польшча будзе паслядоўна захоўваць курс на незалежнасць ад расейскіх нафты і газу, — заявіў прэм’ер-міністр Дональд Туск падчас выступлення на канферэнцыі PowerConnect Energy Summit у Гданьску. Кіраўнік урада падкрэсліў, што Варшава разам з саюзнікамі не адступіць ад такой пазіцыі, бо гэта непасрэдна звязана з бяспекай краіны і ўсяго рэгіёна:
— На фоне энергетычнага крызісу і напружання на Блізкім Усходзе з’яўляюцца прапановы вярнуцца да супрацоўніцтва з Расеяй у энергетычнай сферы або аслабіць санкцыі. Ні ў якім разе! Такі сцэнарый непрымальны, бо гаворка ідзе пра бяспеку і будучыню Еўропы, Польшчы і трансатлантычнай супольнасці. Разлічваю не толькі на ўзаемаразуменне, але на поўнае супрацоўніцтва нашых партнёраў, — пераконваў Дональд Туск.
Беларускае Радыё Рацыя.






