Работнікаў Рэчыцкага завода металічных вырабаў пачалі адпраўляць у адпачынак за свой кошт. Пакуль што адпачынкі невялікія.

“Людзей адпраўляюць на два дні ў месяц за свой кошт, але прэміі пакуль не зрэзалі. Загрузка ўпала прыкладна на траціну, заказаў стала менш. Ужо ёсць прастоі”, — расказала Флагштоку крыніца, звязаная з прадпрыемствам.
Як расказалі журналістам, праблема ўзнікла праз заказчыкаў з Расеі: спярша яны заключылі кантракт, а потым адмовіліся выконваць абавязацельствы. На расейскі рынак прыйшлі канкурэнты з Кітая, якія і перахапілі ў Рэчыцкага завода маштабны заказ.
Да 10 гадоў зняволення за падзёж жывёлы
Службовым асобам сельгаспрадпрыемства ў Лёзненскім раёне Віцебскай вобласці пагражае да 10 гадоў зняволення за падзёж жывёлы. Пра выяўленне “фактаў безгаспадарлівасці” паведаміў начальнік рэгіянальнага ўпраўлення ГУБАЗіК Андрэй Звераў.
Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў, выявілася, што “неналежны догляд за буйной рагатай жывёлай і грэбаванне неабходнымі ветэрынарнымі працэдурамі прыводзілі да гібелі жывёл”. “Каб схаваць страты, дырэктар даваў указанні галоўнаму ветурачу, галоўнаму бухгалтару і начальніку ўчастка аб унясенні загадзя ілжывых звестак у дакументы”, — сцвярджае Звераў.
Падзёж склаў каля 400 галоў буйной рагатай жывёлы на суму, якая перавышае 565 тысяч рублёў.
Колькасць вакансій істотная большая, чым зарэгістраваных беспрацоўных
Прэс-служба дзяржаўнай службы занятасці апублікавала свежыя даныя пра колькасць вакансій і афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных у Беларусі. Паводле статыстыкі, вольных працоўных месцаў у краіне цяпер у 54 разы больш, чым афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных.
Па стане на пачатак чэрвеня без працы былі каля 4 тысяч беларусаў — гэта на 21% больш, чым у сакавіку. Пры гэтым за апошнія тры месяцы колькасць вакансій павялічылася на 14%. Пры гэтым найбольшая патрэба ў работніках назіраецца ў Менску, дзе, паводле звестак Белстата, самыя высокія заробкі па краіне.
Палякі ўсё часцей выбіраюць адпачынак у сваёй краіне
Тры чвэрці палякаў маюць намер правесці адпачынак у Польшчы — часцей за ўсё на моры і ў гарах. Згодна з дадзенымі, прадастаўленымі пастаўшчыком сістэмы браніравання большасці польскіх гатэляў, кампаніяй Profitroom, колькасць браніраванняў у Польшчы цяпер вышэйшая, чым год таму, а цэны застаюцца на падобным узроўні. Гэта паказвае даследаванне «Holiday Compass of Poles: Holidays 2025».
Паводле даследавання, 43 працэнты рэспандэнтаў маюць намер правесці адпачынак у Польшчы, яшчэ 31 працэнт сказалі, што будуць спалучаць знаходжанне ў краіне і за мяжой.
Толькі 12 працэнтаў рэспандэнтаў заявілі, што будуць падарожнічаць выключна за межы Польшчы.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: rmz.by.