Нацыянальны банк выпусціў памятныя манеты, якія могуць пахваліцца нестандартнай формай. У абарачэнне выпушчаны памятныя манеты «Касцёл Святога Міхаіла ў Навагрудку»: сярэбраныя – наміналам 20 рублёў, тыражом 2000 штук; медна-нікелевыя – наміналам 1 рубель, тыражом 7000 штук.

Манеты маюць форму квадрата са скругленымі кутамі без канта. Бакавая паверхня манет з насечкай. Выпушчаныя ў абарачэнне манеты з’яўляюцца законным плацежным сродкам Рэспублікі Беларусь і абавязковыя да прыёму па намінальным кошце пры ўсіх відах плацяжоў без усялякіх абмежаванняў. Раней паведамлялася, што Нацбанк выпускае новыя двухрублёвыя манеты, а таксама манету наміналам 1000 рублёў.
Рэгістрацыя ў электроннай чарзе на мяжы падаражэла
З 1 студзеня ў Беларусі змянілі тарыфы на рэгістрацыю ў электроннай чарзе ў пунктах пропуску для ўсіх відаў транспарту. Пастанова ўрада апублікавана на Нацыянальным прававым партале і ўжо набыла моц.
Так, за кожны грузавік і аўтобус зараз трэба заплаціць 1,5 базавай велічыні (67,5 рубля). Раней тарыф складаў 1 БВ. Выраслі расцэнкі і для легкавых аўтамабіляў і матацыклаў да 22,5 рублёў. Столькі давядзецца заплаціць пры адсутнасці браніравання даты ўезду ў аўтадарожны пункт пропуску.
Браніраванне даты ўезду ў пункт пропуску каштуе 15,5 БВ (697,5 рубля) за кожны легкавы аўтамабіль.
Выйгрышы ў азартных гульнях абкладаюць пдавышаным падаткам
З 1 студзеня 2026 года ўступіла ў сілу змяненне падатковага заканадаўства, якое тычыцца выплаты выйгрышаў фізічным асобам. Падаходны падатак з выйгрышаў, якія выплачваюцца беларускімі арганізатарамі азартных гульняў, вырас з 4% да 5%.
Вылічаць і ўтрымліваць падаходны падатак па новай стаўцы 5% павінны самі ігральныя ўстановы. Яны ж павінны весці ўлік выплачаных даходаў і ўтрыманага падатку па кожным гульцу ў Сістэме кантролю за касавым і ігральным абсталяваннем.
З 1 студзеня базавая стаўка склала 297 рублёў
З 1 студзеня базавая стаўка вызначаная на ўзроўні Br297. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. У параўнанні з 1 студзеня 2025 года базавая стаўка вырасла на 10% — гэта значыць, прыкладна на ўзровень інфляцыі.
Падвышэнне базавай стаўкі прывядзе да росту заробкаў у бюджэтных арганізацыях. Паколькі да базавай стаўкі прывязаны іншыя стымуляцыйныя і кампенсацыйныя выплаты, іх сумы таксама вырастуць. Так, мінімальны заробак цяпер складае 858 рублёў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: nbrb.by.






