У студзені—лютым на Віцебшчыне ў цэлым сітуацыя з чыстым прыбыткам арганізацый застаецца адмоўнай — сукупны страты па вобласці склалі 64,2 млн рублёў. На гэтую статыстыку звярнуў увагу тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю». Пры гэтым у некаторых гарадах і раёнах Віцебскай вобласці страты працягваюць расці.

Пры гэтым у Мёрскім раёне з яго металургічным заводам па выніках студзеня—лютага з’явіўся невялікі плюс (6,5 млн рублёў) супраць страт год таму, а ў шэрагу іншых раёнаў рост прыбытку адбыўся ў разы (напрыклад, у Глыбоцкім раёне з яго перапрацоўкай малака прыбытак вырас амаль у 5 разоў). Нягледзячы на паляпшэнне сітуацыі ў асобных раёнах, буйны мінус Наваполацка па-ранейшаму «цягне» ўсю вобласць у зону страт. Гэта можа тлумачыцца кепскімі вынікамі працы нафтаперапрацоўчага завода «Нафтан» на фоне заходніх санкцый.
ЗША і краінам Еўропы перадалі інфармацыю пра схему абыходу санкцый
Беларускае прадпрыемства па вытворчасці спецтэхнікі “Амкадор” спрабуе ў абыход санкцый набыць сядзенні нямецкай кампаніі Grammer, вынікае з інфармацыі аб’яднання былых сілавікоў BelPol. Адзначаецца, што атрымаць імпартныя камплектуючыя прадпрыемства хоча праз казахстанскую кампанію “БАСК-ЦА”, якая спецыялізуецца на пастаўках абсталявання.
BelPol лічыць, што цяпер здзелка “знаходзіцца на стадыі рэалізацыі”. “Інфармацыя пра меркаваную схему была перададзеная еўрапейскім і амерыканскім структурам, адказным за выкананне санкцыйнага рэжыму”, — гаворыцца ў паведамленні.
21 красавіка падчас наведвання Віцебскай вобласці Аляксандр Лукашэнка абвінаваціў уласніка “Амкадора” ў складаным становішчы прадпрыемства, прыгадвае «Позірк».
Чыноўнікі зарабляюць нашмат больш за іншых грамадзян
Сярэдні заробак чыноўнікаў на 20,9% перавышае сярэднія заробкі па краіне, вынікае са свежых даных Белстата, заўважыў Reform.news. Сярэдні заробак бюджэтнікаў «бруднымі» ў сакавіку вырас на 2,6% у параўнанні з лютым, або на 50,5 рубля, і склаў 1990,5 рубля да выплаты падаткаў. Пры гэтым сакавіцкі сярэдні заробак у дзяржаўным кіраванні склаў 3145 рублёў.
У Гародні пабудуюць два новыя гандлёвыя цэнтры
Адзін з іх з’явіцца ў мікрараёне Баранавічы на скрыжаванні вуліц Пясочнай і Ваўжэцкага. А вось другі – у Грандзічах – абяцае стаць адным з найбуйнейшых у абласным цэнтры, піша Realt са спасылкай на дадзеныя NewGrodno.By.
Калі першы гандлёвы цэнтр – гэта, па сутнасці, вялікі магазін агульнай плошчай каля 500 «квадратаў», то другі аб’ект, на якім ужо працуюць тэхніка і будаўнікі, зойме плошчу 12 тысяч квадратных метраў. Там плануецца размясціць буйны супермаркет на 2,5 тысячы квадратных метраў, а таксама офісы, розныя крамы і буцікі, некалькі кафэ.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: novaya.by.






