BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Нарыхтоўка драўніны ўпала ў Беларусі да мінімуму

У мінулым годзе ў Беларусі нарыхтавалі 21,8 мільёна кубічных метраў ліквіднай драўніны, і гэта мінімальны паказчык за апошнія пяць гадоў. Максімальны быў дасягнуты ў 2018 годзе, калі нарыхтавалі 28,6 мільёна.

Фота: motolko.help.

Яшчэ ў 2021 годзе лесанарыхтоўкі былі адным з самых выгадных відаў дзейнасці – рэнтабельнасць перавышала 28 працэнтаў, а чысты прыбытак складаў больш за 49 мільёнаў рублёў. Аднак у сакавіку 2022 года Еўразвяз прыняў чарговы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, пад санкцыі трапілі «драўніна і вырабы з яе; драўнінны вугаль». Пасля гэтага эфектыўнасць галіны абвалілася. Летась рэнтабельнасці скарацілася да 8,6 працэнта, а чысты прыбытак упаў у чатыры разы да 2021 года, піша «Беларусы і рынак».

Літва ўскладняе вываз аўтамабіляў у Беларусь

У Літве ўвялі новыя правілы вывазу з тэрыторыі краіны ў Беларусь аўтамабіляў, не старэйшых за пяць гадоў. Ад экспарцёра і грузаатрымальніка цяпер будуць патрабаваць гарантыі, што машына не будзе прададзеная ў Расею, паведамляе літоўская мытня.

Уведзеныя меры, якія пачалі дзейнічаць з 4 чэрвеня, маюць перашкодзіць абыходу санкцый, уведзеных супраць Расеі. Літоўская мытня папярэджвае, што калі машына, вывезеная з Літвы, усё ж такі апынецца ў Расеі, то гэта будзе лічыцца парушэннем санкцыйнага рэжыму. Да высвятлення ўсіх акалічнасцяў экспарцёру, які такое дапусціў, забароняць вывозіць іншыя аўтамабілі. Ёсць новыя абмежаванні і для фізічных асоб. Купленую ў ЕС машыну цяпер вывезці ў Беларусь зможа толькі ўладальнік – асоба, якая набыла аўта. Раней гэта маглі зрабіць і па даверанасці. (nashaniva.com)

Дзе найчасцей у Беларусі браніруюць кватэры

Куфар Нерухомасць прааналізаваў сітуацыю і выбраў гарады, у якіх за сёлетнюю зіму і вясну найбольш браніравалі кватэры і дамы. Са статыстыкі адразу выключылі абласныя цэнтры, бо вядома, што яны лідары. Калі казаць пра іншыя гарады, то самым папулярны горадам у карыстальнікаў па браніраванні кватэр стаў Барысаў, дзе з пачатку года жыллё арандавалі 494 разы. Барысаў – транспартны і прамысловы вузел, таму можна меркаваць, што частка гасцей прыязджала сюды ў камандзіроўкі, акрамя таго тут знаходзіцца вялікая Барысаў-Арэна.

Далей па папулярнасці ідзе Пінск – адзін з самых любімых гарадоў у турыстаў, там жыллё браніравалі 403 разы. За Пінскам размясцілася Ліда – адміністрацыйны цэнтр Гарадзенскай вобласці, візітоўка якога – Лідскі замак з пачатку 14 стагоддзя, пабудаваны Гедымінам. Калі казаць пра браніраванне дамоў, то на першым месцы Браслаў і ваколіцы. Гэта курортны горад, цэнтр Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры». На фестываль Viva Braslav летам сюды прыязджаюць шматлікія турысты.

Starbucks рэгіструе ў Расеі адразу некалькі таварных знакаў

Кампанія Starbucks Corporation у канцы траўня падала восем заявак у арганізацыю «Распатэнт». Сярод таварных знакаў, якія яна плануе зарэгістраваць, – Starbucks, Starbucks coffee, «Старбакс кофе», frappuccino ды іншыя.

Пры гэтым кампанія Starbucks спыніла пастаўкі ў Расею вясной 2022 года і зачыніла свае ўстановы. Кавярні выкупілі некалькі асоб, сярод якіх рэстаратар Антон Пінскі, кампанія «Сіндзіка» сенатара Арсена Канокава і расейскі спявак і бізнесовец Цімаці. Хутка яны адчынілі новыя кавярні пад шыльдай Stars Coffee. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя