BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Назвалі рэгіён, найбольш пацярпелы ад травеньскіх замаразкаў

Беларуская сельская гаспадарка пацярпела ад анамальна халоднага траўня. Пра гэта на прэс-канферэнцыі расказала прадстаўніца Белгідрамета Вольга Бакланава.

Самыя моцныя замаразкі, як сказала спецыялістка, былі на Палессі: там тэмпература паветра апускалася да 9-10 градусаў марозу. Асабліва пацярпелі пладовыя пасевы і кусты, пасевы сельскагаспадарчых культур на тарфяніках і ў паніжаных рэльефах. Больш за ўсё пашкоджаных і загінулых пасеваў аказалася ў Берасцейскай вобласці.

Раней паведамлялася, што травеньскія замаразкі ў Беларусі пашкодзілі пасевы і сады, у асобных раёнах прыйшлося перасяваць збожжавыя культуры. На ліквідацыю наступстваў урад вылучыў 60 мільёнаў рублёў.

Продажы МАЗаў у Расеі працягваюць прасядаць

У Расеі ў першай палове  года МАЗ прадаў 1668 цяжкіх грузавікоў, у той час як годам раней за гэты перыяд было 2515 машын. Падзенне склала 33,7%, піша “Аўтастат”. Усяго ж рынак новых цяжкіх грузавікоў у Расеі скараціўся больш чым у два разы, таму нягледзячы на агульнае падзенне рынку, доля МАЗа на расейскім рынку вырасла з 5% да 7,1%.

У чэрвені МАЗ рэалізаваў 207 новых цяжкіх грузавікоў, умацаваўшы пазіцыі пятага па папулярнасці брэнда ў сегменце. У той час як кітайскія маркі страчвалі долю рынку, МАЗ змог трохі павялічыць сваю прысутнасць.

«Гарызонт» будзе выпускаць беларускія планшэты

Холдынг «Гарызонт» запускае вытворчасць беларускіх планшэтаў. Гэта будуць 10-цалевыя планшэты ў розных каляровых рашэннях — залатыя, сярэбраныя, графітавыя. Планшэты будуць на базе Android. «Пашыраем мадэльны шэраг — будзем вырабляць планшэты, абароненыя ад знешніх механічных уздзеянняў, таму яны будуць цікавыя розным спецыялістам. Разлічваем у тым ліку на расейскі рынак», — паведамляецца афіцыйна.

У 2022 годзе «Гарызонт» прадставіў свой першы ноўтбук пад назвай H-book MAK4, які быў пазіцыянаваны як «айчынная распрацоўка». Падчас прэзентацыі Аляксандр Лукашэнка прадэманстраваў яго, адзначыўшы, што на той момант у ім было каля 12% беларускіх кампанентаў, з планамі павялічыць гэтую долю да 30% да канца года.

Акцыі Tesla зноў абваліліся

Пасля сыходу з каманды Трампа прадпрымальнік Ілан Маск анансаваў стварэнне ўласнай партыі пад назвай “Амерыка”. Гэта выклікала новае падзенне акцый Tesla, якія за суткі знізіліся амаль на сем працэнтаў.  Інвестары Tesla ужо выказалі занепакоенасць палітычнымі амбіцыямі Маска, якія могуць адбіцца на бізнесе. Палітычныя эксперты таксама з сумневам ацэньваюць магчымасць таго, што новая партыя атрымае хоць які-небудзь заўважны ўплыў, не кажучы пра месцы ў Кангрэсе.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com.