Намінальны налічаны сярэдні заробак за люты склаў 2428,1 рублёў, паведамляе Белстат. У параўнанні са студзенем ён вырас на 70 капеек. Калі ж лічыць «чыстымі», то заробак складзе 2088,1 рублёў.

Калі браць сярэдні курс даляра за люты, то сярэдні заробак «бруднымі» складае 736,6 даляраў, а «чыстымі» — 633,4 даляры.
У Беларусь усё больш пастаўляюць расейскага шакаладу
У 2024 годзе Беларусь павялічыла аб’ёмы імпарту шакаладу з Расеі на 9,5 працэнтаў. Такім чынам Беларусь застаецца другім па аб’ёме імпарцёрам расейскага шакаладу. Лідарам па закупках шакаладу ў Расеі з’яўляецца Казахстан. На дваіх – на Казахстан і Беларусь – прыпадае каля 40 працэнтаў расейскіх экспартных паставак шакаладу. А на трэцяе месца выйшаў Кітай, які за год павялічыў закупкі ў Расеі на 24 працэнты. Раней у топ-3 уваходзіў Узбекістан. Агулам Расея за мінулы год нарасціла экспарт шакаладу амаль на 8% – да 850 мільёнаў даляраў.
У Беларусі хутка пачнуць выпускаць сапраўдныя італьянскія сыры
На базе аднаго з сельгаспрадпрыемстваў НАН Беларусі плануюць адкрыць сумесную беларуска-італьянскую вытворчасць па выпуску сыроў. Пра гэта паведаміў старшыня Гандлёва-прамысловай палаты Італія – Беларусь Анджэла Ілардзі падчас апошняга візіту ў Беларусь, піша Office Life.
Хутчэй за ўсё, новая сыраробная вытворчасць будзе створана на базе сельгаспрадпрыемства “Вусце”. У час наведвання Беларусі яго вывучалі італьянскія спецыялісты. Якія менавіта віды сыроў там хочуць выпускаць, пакуль не гавораць. Затое нядаўна паведамлялася, што Пружанскі малочны камбінат, на магутнасцях ліквідаванай «дачкі» французскай кампаніі Danone, пабудуе новы цэх па вытворчасці цвёрдага, паўцвёрдага сыра і мацарэлы.
Урад працягнуў забарону на вываз некаторых тавараў
У Беларусі яшчэ на паўгода падоўжылі забарону на рээкспарт завезеных у краіну многіх прамысловых тавараў. Яна ўпершыню была ўведзеная яшчэ ў 2022 годзе. Адпаведная пастанова Савета Міністраў апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У спісе — больш за 250 таварных пазіцый. Сярод іх, напрыклад, абсталяванне і матэрыялы для медыцыны, электраінструмент і тэхніка, адходы і лом металаў, транспартныя сродкі і камплектуючыя да іх і інш. Аднак у гэтай забароны шмат выключэнняў. Пад яе не падпадаюць, напрыклад, транзітныя тавары, прадукцыя СЭЗ, тавары, вырабленыя і пастаўленыя ў рамках Саюзнай дзяржавы і па іншых падставах.
Ці Польшча паратуе Трампа яйкамі?
ЗША маюць дэфіцыт яек з-за птушынага грыпу. Нядаўна амерыканскі бок звярнуўся да польскіх фермераў у справе продажу яек. Гаворка ідзе пра кантракты на вялікую суму. Польскі бок папрасіў прадставіць ветэрынарныя патрабаванні, якія неабходна выконваць пры экспарце. І тут ёсць праблема. Як адзначаюць спецыялісты, у ЗША распаўсюджаны звычай мыць яйкі перад продажам, а ў краінах Еўразвязу ўведзена забарона на мыццё яек дзеля таго, каб не пашкодзіць натуральны ахоўны бар’ер яйка, які забяспечвае ад пашкоджання і абараняе ад пранікнення мікрабіялагічнага забруджання. Таму ёсць розніца ў патрабаваннях.
Продаж яек стала ўжо важнай тэмай у перамовах паміж Еўразвязам і ЗША. Аднак пра экспарт яек на амерыканскі рынак пакуль гаварыць рана, піша Беларуская служба Польскага Радыё.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: Dzerkach Viktar / Shutterstock.com.