Сярэдні заробак бруднымі за лістапад склаў 2 703 рубля, паведаміў Белстат. У параўнанні з кастрычнікам ён знізіўся на 54 рублі. Калі ж браць заробак «чыстымі», то гэта будзе 2 325 рублёў. Пры сярэднім курсе даляра за лістапад “на рукі” заробак складае 785,5 даляраў.

У Беларусі пачалася падрыхтоўка да будаўніцтва трэцяга блока АЭС
У Беларусі пачалася падрыхтоўчая праца да будаўніцтва трэцяга энергаблока Астравецкай АЭС. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Дзяніс Мароз. Ёсць і план першачарговых мерапрыемстваў, рыхтуецца пакет міжнародных пагадненняў, якія плануюцца да падпісання з расейскім бокам.
Нагадаем, што першы энергаблок Беларускай АЭС увялі ў эксплуатацыю ў чэрвені 2021-га, а другі — у лістападзе 2023 года. Увесці ў дзеянне трэці блок плануецца ў 2035 годзе. Паралельна вядзецца работа па вывучэнні перспектыў будаўніцтва другой АЭС — у Магілёўскай вобласці. Таксама супрацоўніцтва з расейецамі працягваецца і ў рамках праекта па ўзвядзенню ў Беларусі пункта пахавання радыеактыўных адкідаў.
Сродкі ад транзіту беларускіх угнаенняў Літва можа перадаць Украіне
Калі Літва пад ціскам будзе вымушаная аднавіць транзіт беларускіх угнаенняў праз Клайпедскі порт, сродкі ад гэтага можна было б выкарыстаць для падтрымкі Украіны. Такую прапанову агучыў міністр абароны Літвы Робертас Каўнас.
“Клайпедскі порт з’яўляецца найбольш спрыяльным для экспарту, і тут мы вяртаемся да пытання пра 300 мільёнаў. Чаму б не накіраваць гэтыя 300 мільёнаў Украіне ў якасці дадатковых сродкаў? Такім чынам, мы як бы забіваем двух зайцоў адным стрэлам. Але пакуль гэта толькі інтэрпрэтацыя”, — прыводзіць LRT словы міністра.
Транзіт калійных угнаенняў Літва прыпыніла з 1 лютага 2022 года, спасылаючыся на санкцыі ЗША супраць “Беларуськалія”, якія знімаюцца.
Еўразвяз паскарае адмову ад расейскага газу
Еўрапейскі парламент узмацніў курс на поўную адмову ад расейскіх энергарэсурсаў. Дэпутаты падтрымалі больш жорсткія рэгуляцыі, якія прадугледжваюць паскораную забарону імпарту расейскага трубаправоднага газу і звадкаванага прыроднага газу. Дадаткова Еўрапейская Камісія абвясціла пра намер увесці поўную забарону на імпарт расейскай нафты з 2027 года, чытаем на партале energetyka24.com.
Як падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні, новаўвядзенні накіраваныя на абарону энергетычнай бяспекі ЕЗ ад выкарыстання паставак газу Расеяй у якасці палітычнай зброі. Прадугледжаны асобныя выключэнні ў тым ліку для Венгрыі і Славакіі, аднак толькі да канца верасня 2027 года і выключна ў межах кароткатэрміновых кантрактаў. Фактычна гэта прымушае іх у бліжэйшыя два гады перабудаваць ланцужкі паставак.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.






