
Швецыя, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Ірландыя, Латвія, Літва і Польшча прапануюць Еўразвязу ўзняць пошліны на расейскія тавары. Адпаведны ліст быў накіраваны ў Еўракамісію, паведамляе МЗС Швецыі.
„Мы павінны зрабіць больш, каб падтрымліваць Украіну і аказваць эканамічны ціск на Расею. Ёсць надзея, што разам зможам перашкодзіць расейскаму экспарту ў ЕЗ і аслабіць расейскую эканоміку. Таму разам з краінамі-аднадумцамі Швецыя дамагаецца ад Еўрапейскай камісіі прапановы аб увядзенні ўсёабдымных пошлін на імпарт тавараў з Расеі“, — заявіў міністр знешняга гандлю і міжнароднага супрацоўніцтва Швецыі Беньямін Дуса.
Падпісанты ліста лічаць, што павышэнне пошлін нанясе ўрон расейскаму экспарту ў ЕЗ і скароціць фінансаванне расейскага ўварвання ва Украіну.
Беларускае Радыё Рацыя






