BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Ніводзін беларускі рэгіён не выканаў мэтавых паказчыкаў

Сітуацыя ў 11 раёнах Беларусі з насельніцтвам больш за 80 тысяч чалавек сёлета палепшылася, але да іх працы ўсё яшчэ шмат прэтэнзій, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на пасяджэнні прэзідыума Саўміна, піша Office Life.

У параўнанні з мінулым годам Мінэканомікі адзначае некаторыя станоўчыя тэндэнцыі ў буйных раёнах краіны. Напрыклад, ва ўсіх з іх, акрамя Полацкага раёна, вырасла прамысловая вытворчасць. Такая ж сітуацыя ў сельскай гаспадарцы. “Але да працы гэтых рэгіёнаў захоўваецца і шэраг прэтэнзій. Па выніках дзесяці месяцаў няма ніводнага рэгіёна, які выканаў бы ўсе мэтавыя паказчыкі”, — заявіў Галоўчанка. Асноўную частку прадугледжаных Праграмай развіцця рэгіёнаў паказчыкаў выканалі толькі Пінск, Лідскі і Салігорскі раёны. Усе астатнія — палову ці менш. Горш за ўсё справа ідзе з інвестыцыямі. Па інвестыцыях у асноўны капітал планы выканалі толькі тры раёны, а ў многіх раёнах за год не заключылі ніводнай інвестыцыйнай дамовы. Таксама ў многіх райцэнтрах не выконваюцца планы па будаўніцтве жылля.

Лукашэнка раскрытыкаваў прыватныя аптэкі за рост цэн на лекі

Разабрацца з абгрунтаванасцю росту цэн на лекі запатрабаваў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе “па пытаннях удасканалення сістэмы рэгулявання і кантролю за цэнамі”. На нарадзе адзначылі, што рост цэн на імпартныя тавары з трэціх краін на фоне курсавых ваганняў стаў адным з фактараў, якія паўплывалі на інфляцыю ў Беларусі. Уклад у інфляцыю па іх склаў паўтара працэнта. Імпартныя лекавыя прэпараты і садавіна падаражэлі амаль на 12%, пасажырскія чыгуначныя перавозкі міжнародных зносін — на 23%, турыстычныя паслугі — на 22%”, піша прэс-служба ўрада.

У час нарады Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі з 1 студзеня павінна быць дакладная, зразумелая сістэма рэгулявання цэн.

На Ашмяншчыне прадаюць векавы бровар

На электронныя таргі выставілі будынак былога бровара ў вёсцы Міхайлаўшчына Ашмянскага раёна. Таргі пройдуць 29 студзеня на электроннай пляцоўцы “БУТБ-маёмасць”.

Пачатковая цана лота — 14 800 рублёў. Агульная плошча будынка складае амаль 412 квадратных метраў. Падмурак выкананы з бутабетону, а вонкавыя сцены — з прыроднага каменя. Вокны ў бровары драўляныя. Ёсць дзве прыбудовы. Згодна з умовамі аўкцыёну, набыты аб’ект трэба будзе пачаць выкарыстоўваць пад мэты, якія не супярэчаць дзейнаму заканадаўству, на працягу трох гадоў з моманту заключэння дагавора куплі-продажу.

Будынкі бровара засталіся з сядзібы Скіндараў. Бровар датуецца 1907 годам. Ён з’яўляецца ўзорам прамысловай архітэктуры той эпохі, піша “Наша Ніва”.

У Лідзе хлебзавод пачне выпуск чвэртачак боханаў

Лідскі хлебазавод пачне выпускаць у гандлёвую сетку чвэртачкі боханаў хлеба. Робіцца гэта па просьбах мясцовых жыхароў, піша “Лідская газета”. Паведамляецца, што чытачы раёнкі звярнуліся да прадпрыемства з просьбай праз газету — выпускаць папулярныя гатункі хлеба чвэртачкамі боханаў. Многія лідзяне хочуць купляць свежы хлеб, а не захоўваць яго доўга дома, дзе ён псуецца і плеснее, піша газета. Прадстаўніца завода Жана Шабухава паведаміла, што выпуск чвэртачак хлеба запланаваны ўжо на студзень.

Беларускае Радыё Рацыя