Больш як 90% дзейных на беларускім рынку кампаній ФРГ ацэньваюць сваё эканамічнае становішча як “здавальняючае” і “добрае”, сведчаць вынікі апытання, праведзенага вясной гэтага года Прадстаўніцтвам нямецкай эканомікі ў Беларусі сумесна з даччынай сэрвіснай структурай Нямецкай прамыслова-гандлёвай палаты. Даныя апублікавала “Эканамічная газета”. У даследаванні ўдзельнічала 45 кампаній ФРГ, якія дзейнічаюць на беларускім рынку. Пры гэтым, адзначае выданне, у параўнанні з восенню 2023 года доля кампаній, якія лічаць сваё эканамічнае становішча дрэнным, скарацілася ў два разы — з 17,8% да 8,9%.

Усе ўдзельнікі апытання завілі аб тым, што адчулі на сабе санкцыйныя абмежаванні ЕЗ. 60% апытаных кампаній лічаць найбольш адчувальнымі для сябе рызыкі, звязаныя з парушэннем ланцужкоў паставак. Агулам жа прыведзеныя ацэнкі сведчаць пра “адаптацыю нямецкіх кампаній да рамачных умоў, якія змяніліся на фоне санкцый, а таксама пра асцярожны аптымізм у чаканні хаця б захавання становішча на бягучым узроўні”, цытуе выданне аўтараў даследавання. («Позірк»)
Замест Booking: на беларускі рынак арэнды кватэр прыйшоў новы гулец
На беларускі рынак арэнды кватэр прыйшла расейская кампанія «Суточно.ру». У расейскім сэрвісе з’явіліся прапановы па сутачнай арэндзе ў Менску і іншых гарадах Беларусі. Цэны на партале прадстаўленыя ў расейскіх рублях.
У Беларусі дапамогу ў арэндзе кватэр на суткі прапануюць таксама мясцовыя сэрвісы «Куфар. Нерухомасць» і Realt, а таксама расейскі «Островок». Міжнародныя сэрвісы Booking.com і Airbnb.com пайшлі з беларускага рынку ў 2022 годзе пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
Сэрвіс «Суточно.ру» запусцілі ва Ульянаўску ў 2011 годзе. Пасля пакідання рынку міжнароднымі кампаніямі ён з’яўляецца самым папулярным у сваім сегменце ў Расеі. (nashaniva.com)
Самыя папулярныя маркі на другасным аўтарынку Беларусі
На беларускім аўтарынку найбольшым попытам карыстаюцца маладыя аўтамабілі з прабегам да 100 тысяч км. Дадатковы плюс — заводская гарантыя, піша Office Life.
Сярод новых аўтамабіляў ільвіная доля продажаў прыпадае на кітайскія вырабы. А вось на “другасным рынку” попытам карыстаюцца нямецкія, японскія і карэйскія аўтамабілі. Тройку самых папулярных складаюць Kia Rio (ад 38 тысяч рублёў), Volkswagen Polo (ад 47 тысяч рублёў) і Nissan Qashqai (каля 53 тысяч рублёў). Акрамя іх у дзясятку самых запатрабаваных марак уваходзяць Lada Vesta, Hyundai Solaris, Skoda Rapid, Ford Focus, Nissan X-Trail, Renault Logan, Geely Atlas.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pozirk.online






