BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Новая столь для расейскай нафты – ЕЗ узгадніў санкцыі

У Еўразвязе ўзгаднілі 18-ы пакет санкцый супраць Расеі. Сярод іншага, ён уключае ў сябе абмежаванні для «Паўночнага патоку» і новую цэнавую столь для расейскай нафты. Гэтыя рэстрыкцыі назвалі “аднымі з самых жорсткіх” на гэты час. Пад новыя санкцыі ЕЗ патрапяць не толькі газаправоды “Паўночны паток”, але і 105 танкераў так званага “ценявага флоту”. Іх у Еўропе звязваюць з пастаўкамі расейскай нафты. Таксама абмежаванні новага пакета закрануць нафтаперапрацоўчы завод “Раснафты” ў Індыі.

Яшчэ адна норма – зніжэнне столі цэн на нафту з Расеі. Цяпер яна складае $60 за барэль. Якую лічбу заклалі ў новым пакеце, пакуль невядома. Акрамя таго, плануецца ўвесці абмежаванні адносна 22 расейскіх банкаў.

Здаровае харчаванне змяніла рынак хлебу

У Беларусі штогод выпякаюць дзве тысячы найменняў хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў. Цяпер вытворцы нярэдка сумяшчаюць традыцыйныя тэхналогіі з запытам спажыўцоў на здаровае харчаванне. Культура спажывання мяняецца. Каб утрымаць рынкі і спажыўца, заводы асвойваюць новы асартымент. Гэтая прадукцыя ўлічвае сучасныя тэндэнцыі карыснага і збалансаванага харчавання, заснаванага на ўжыванні ў ежу прадуктаў без цукру, дрожджаў, маргарыну. На рынку папулярныя розныя вырабы з функцыянальнымі дабаўкамі: збожжавымі сумесямі, пшанічным вотруб’ем, кукурузнай, грачанай мукой, сухафруктамі, суцэльным і дробненым збожжам, насеннем гарбузу, сланечніку, кунжуту і гэтак далей.

Сёння спажывец чытае этыкетку, углядаецца ва ўсе дабаўкі, араматызатары і фарбавальнікі. Яму падабаецца здаровы састаў вырабаў – адзначаюць вытворцы. Папулярныя ў беларусаў сёння і розныя хлябцы, піша Юрый Грыбоўскі на сайце Office Life.

Палякі аддаюць перавагу айчынным прадуктам

Цэнтр даследаванняў грамадскай думкі (CBOS) вывучыў, што матывуе грамадзян Польшчы падчас пакупак. Апошняе апытанне паказвае, што пераважная большасць стараецца купляць польскія прадукты харчавання і лічыць, што яны лепшай якасці, чым з іншых краін. Так адказалі амаль чатыры пятых рэспандэнтаў (79%). Толькі 19% адказалі, што для іх не мае вялікага значэння, ці паходзіць ежа, якую яны купляюць, з Польшчы ці з-за мяжы. Аднак толькі 4% рэспандэнтаў заявілі, што ахова навакольнага асяроддзя і дабрабыт жывёл пры вытворчасці прадуктаў харчавання маюць першараднае значэнне пры прыняцці рашэнняў аб куплі.

Выручка Netflix адчувальна расце

Стрымінгавая платформа Netflix паведаміла пра рост выручкі ў II квартале, прычым кампанія павысіла свой гадавы прагноз, спаслаўшыся на “здаровы” рост колькасці падпісчыкаў і продаж рэкламы. Выручка сэрвісу вырасла на 16% і склала больш за 11 мільярдаў даляраў. Чысты прыбытак – гэта больш  за тры мільярды, а летась за другі квартал было два мільярды.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixabay.com (Еўрапарламент).