Новы генеральны дырэктар “Беларускай нафтавай кампаніі” Марат Малецкі мае намер нарасціць экспарт нафтапрадуктаў. У панядзелак кандыдатура была ўзгодненая Аляксандрам Лукашэнкам. “Задачы цалкам празрыстыя і канкрэтныя – нарасціць аб’ёмы, перш за ўсё экспартныя, па рэалізацыі нафтапрадуктаў”, – прыводзіць яго словы БелТА.

Малецкі адзначыў наяўнасць цяжкасцей, звязаных з экспартам. «Я думаю, што ў канчатковым выніку, у даляглядзе яны працуюць нам на руку. У тым сэнсе, што робяць нас мацнейшымі і больш канкурэнтаздольнымі», – дадаў ён. Па ягоных словах, геаграфія экспарту нафтапрадуктаў змянілася. Цяпер гэта “па большай частцы краіны СНД і Цэнтральнай Азіі”.
Нагадаем, беларускія нафтаперапрацоўшчыкі, «Белнафтахім» знаходзяцца пад санкцыямі, існуюць і іншыя абмежаванні, якія закранаюць лагістыку і непасрэдна экспартныя тавары, піша reform.news.
Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага экспарцёра азотных угнаенняў
Польшча ўвяла санкцыі супраць беларускага экспарцёра азотных угнаенняў. Мяркуецца, што фірма-пасярэднік NFT LLC дапамагала “Гродна-Азоту” абыходзіць заходнія санкцыі, накладзеныя тры гады таму за звальненні рабочых за “палітыку”. NFT LLC пастаўляла з “Гродна-Азота” ў ЕС карбамід. Санкцыйны спіс дапоўнілі з ініцыятывы Нацыянальнай падатковай адміністрацыі.
У Польшчы занепакоіліся ростам імпарту азотных угнаенняў з РБ і РФ (за апошні год — удвая). У гэтых краінах сабекошт вытворчасці значна ніжэйшы з-за нізкіх цэн на газ. Таму польскія вытворцы, якім цяжка канкураваць, пачалі пратэставаць.
Адзін працоўны дзень сярод выходных выцягне эканоміку, лічыць прэм’ер
Адзін працоўны дзень сярод выходных выцягне эканоміку, лічыць прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. У эфіры Першага інфармацыйнага тэлеканала ён паспрабаваў патлумачыць, чаму беларусы будуць працаваць у пятніцу, 3 студзеня 2025-га. Гэты дзень разбівае тыднёвы адпачынак.
“Я гэта нейкай праблемай наогул не лічу, — кажа прэм’ер. — Усё ж такі тыдзень — гэта практычна поўнае расхалоджванне або замарозка эканомікі. Мы цяпер не ў тых умовах, каб дазволіць сабе такія доўгія вакацыі”.
Пры гэтым Галоўчанка кажа, што “кожнае прадпрыемства мае права прыняць рашэнне, якое больш падыходзіць для іх вытворчых мэтаў”. Ён прызнае, што не ўсе захочуць “на адзін дзень запусціць абсталяванне, ну, напэўна, гэта не вельмі эканамічна эфектыўна”.
У беларусаў апошні шанц памяняць старыя рублі
Нацбанк пакуль яшчэ мяняе банкноты, якія выйшлі з абарачэння, на цяперашнія купюры, але часу засталося мала. Праца кас Нацбанка па абмене банкнот узору 2000 года на дзейныя банкноты і манеты прадоўжана, паведамляе рэгулятар.
Дэнамінацыя беларускага рубля прайшла ў Беларусі ў 2016 годзе, і старыя банкноты памянялі на новыя. Таксама былі ўведзены манеты. Першапачаткова старыя грошы можна было абмяняць на новыя па 31 снежня 2021 года, а потым тэрмін працягнулі па 31 снежня 2024 года.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц (БНК).