BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Новы маршрут для паставак люксавых аўто ў абыход санкцый

Люксавыя аўтамабілі па-ранейшаму трапляюць у Расею ў абыход санкцый. Важную ролю ў гэтай схеме адыгрываюць беларускія лагістычныя кампаніі. Раней «антысанкцыйныя» схемы ўключалі перавозку дарагіх аўто з ЕЗ у краіны Балтыі, напрыклад Латвію, а потым іх транспартаванне праз Беларусь у Расею. Аднак пасля такія маршруты былі заблакаваныя, у прыватнасці, спыненыя чыгуначныя пастаўкі аўтамабіляў праз Латвію.

Паводле звестак чыгуначнікаў, новая схема дастаўкі люксавых аўто ўяўляе сабой абыходны маршрут з марскіх партоў ЕЗ (у асноўным краін Балтыі) і непасрэдна ад пастаўшчыкоў у Еўропе праз Турцыю, Іран, Туркменістан, Казахстан, Расею і Беларусь. У Беларусі адбываецца размытнёўка аўтамабіляў, у асноўным у лагістычным цэнтры «Брэміна-груп», які пазначаецца як нібыта канчатковы пункт. Пасля легалізацыі ў Беларусі аўтамабілі скіроўваюцца да канчатковых пакупнікоў у Расею.

Першы энергаблок БелАЭС уключаны ў сетку

27 студзеня пасля планава-папераджальнага рамонту першы энергетычны блок уключаны ў сетку. У рамках планава-папераджальнага рамонту былі выкананы ўсе прадугледжаныя праграмай работы, – заявіў намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч. Другі энергаблок працуе ў штатным рэжыме на намінальнай магутнасці, дадаў Каранкевіч.

Нагадаем, першы энергаблок знаходзіўся на планава-папераджальным рамонце з 3 снежня 2024 года. Другі энергаблок быў таксама адключаны ў снежні з прычыны “спрацоўвання датчыка”. Яго ўключылі ў працу 24 студзеня.

Лукашэнка падпісаў указ па арэндным жыллі

Указ «Аб асаблівасцях выдзялення і выкарыстання арэнднага жылля» падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Дакумент рэгулюе прадастаўленне арэнднага жылля работнікам запатрабаваных у краіне прафесій.

Указам прадугледжана, што раённыя і гарадскія выканаўчыя камітэты маюць права вызначаць на месцах пералік спецыялістаў, у якіх мае патрэбу рэгіён, і прымаць рашэнні аб выдзяленні ім арэнднага жылля на падставе хадайніцтваў работадаўцаў, але толькі з ліку дзяржаўных органаў і арганізацый. Для найбольш запатрабаваных спецыялістаў, якія маюць першачарговае права на атрыманне такой жылплошчы, будзе прымяняцца паніжальны каэфіцыент пры разліку арэнднай платы.

Беспрацоўе ў Польшчы – свежая статыстыка

Узровень беспрацоўя ў снежні склаў 5,1 працэнта. — паведамілі ў панядзелак у Галоўным статыстычным упраўленні Польшчы. Колькасць беспрацоўных на канец мінулага года склала 786,2 тысяч чалавек, і гэта амаль на 12 тысяч больш у параўнанні з лістападам.

Але ў параўнанні з мінулым годам гэтыя лічбы выглядаюць лепш, бо колькасць беспрацоўных зменшылася на 2 тысячы, хоць агульны ўзровень беспрацоўя застаецца на ранейшым узроўні.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: trinityrental.com