BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Новыя санкцыі супраць Расеі адаб’юцца і на Беларусі

16-ы пакет санкцый Еўразвязу супраць Расеі, зацверджаны 24 лютага ў сувязі з трэцяй гадавінай агрэсіі супраць Украіны, “уключае ў сябе дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі”, гаворыцца ў прэс-рэлізе Еўрапейскай Рады. Адзначаецца, што гэтыя меры “люстрана адбіваюць гандлёвыя санкцыі, узгодненыя супраць Расейскай Федэрацыі, а таксама іншыя меры, такія як абмежаванні на продаж або наданне паслуг і праграмнага забеспячэння, дэпазітаў і крыптавалютных кашалькоў, а таксама на транспартныя перавозкі”.

Новыя санкцыі закранулі “48 асоб і 35 арганізацый, адказных за дзеянні, што падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны”. Ці маюцца сярод іх беларускія фізічныя і юрыдычныя асобы стане вядома пасля абнародавання дакумента, піша “Позірк”.

У Беларусі пачнуць выпускаць сухія вінаградныя віны са сваёй сыравіны

У Беларусі вывелі першы айчынны сорт тэхнічнага вінаграду, які дазволіць вырабляць натуральныя сухія віны з мясцовай сыравіны. Гэтага дабіліся навукоўцы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагародніцтве. Сярод іншых навінак, распрацаваных беларускімі спецыялістамі, — сарты персіку «Лойка», рэмантантных малін «Вераснёвая», ляшчыны «Лал», «Яшма» і «Аркадзь», а таксама глогу «Сваяк».

Асаблівая ўвага надаецца цёмна-сіняму вінаграду тэхнічнага прызначэння, які атрымаў назву «Ларэт». Укараненне яго ў сельскую гаспадарку дазволіць пачаць у краіне вытворчасць натуральнага сухога вінаграднага віна з уласнай сыравіны, зазначае “Наша Ніва”.

Хто можа пераехаць у беларускую вёску і атрымаць 4 тысячы рублёў

У Беларусі можна змяніць прапіску з гарадской на сельскую. Зрабіць гэта могуць тыя, хто паедзе працаваць у вёску. Сума пад’ёмных складзе крыху больш за 4 тысячы рублёў, піша Office Life.

Аднак у чалавека ёсць абавязацельствы: ён павінен адпрацаваць у вёсцы не менш як адзін год па трохбаковай дамове паміж цэнтрам занятасці, наймальнікам і беспрацоўным. Прадстаўнік Мінпрацы Сяргей Кацко расказаў, што ў такім працаўладкаванні дапамагаюць, зыходзячы з вакансій. Акрамя працы, чалавеку даюць жыллё. У 2024 годзе так пераехала 91 сям’я.

Польскія кампаніі адстаюць ва ўкараненні штучнага інтэлекту

Доля кампаній, якія выкарыстоўваюць тэхналогію штучнага інтэлекту (ШІ) у Польшчы, друга з канца ў Еўразвязе, гэта вынікае са справаздачы групы эканамічнага аналізу банка Credit Agricole. Ратуюць сітуацыю буйныя польскія кампаніі, якія ў гэтай галіне апярэджваюць буйныя кампаніі з такіх краін як Францыя ды Італія.

Разрыў ва ўкараненні штучнага інтэлекту паміж кампаніямі ў Польшчы і ў заможных краінах Еўразвязу, сведчыць аб даволі буйным нявыкарыстаным патэнцыяле прадукцыйнасці ў польскіх кампаніях, – адзначаюць аналітыкі Credit Agricole.

Між тым, паводле іх, сярод краін ЕЗ існуе выразная залежнасць паміж выкарыстаннем ШІ і ўзроўнем ВУП на душу насельніцтва. Больш высокі ўзровень ВУП азначае, з аднаго боку, большую даступнасць капіталу, а з другога – большыя выгады ад зніжэння выдаткаў на працоўную сілу, піша Беларуская служба Польскага радыё.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: www.it-world.ru (ілюстрацыя створаная ШІ).