Згодна з апошнімі дадзенымі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення, колькасць беларусаў, якія працавалі ў Польшчы ў мінулым годзе, складала 117 тысяч чалавек, што складала прыкладна 11% ад усіх іншаземцаў, якія працуюць у Польшчы. Беларусы працавалі ў шырокім дыяпазоне галін, ад простых работ да вузкаспецыялізаванага ІТ-сектара. Прыблізна 14% эканамічна актыўных беларусаў вялі ўласны бізнес у Польшчы.

Да канца мінулага года амаль 139 тысяч грамадзян Беларусі былі зарэгістраваны ў Фондзе сацыяльнага страхавання (ZUS), што пацвярджае іх трывалую інтэграцыю ў польскі рынак працы, паведамляе “Польскае Радыё”.
Базавая інфляцыя ў Беларусі ў студзені склала 6,9% у гадавым вымярэнні
Базавая інфляцыя (не ўлічвае сезонныя тавары, а таксама тавары і паслугі, якія часта змяняюцца ў цане ў кароткатэрміновай перспектыве або рэгулююцца дзяржавай) у студзені склала 6,9% год да года. Цэны на плодаагароднінную прадукцыю склалі 3,7%. Рост цэн і тарыфаў, што рэгулююцца дзяржавай, склаў 6,6%. Спажывецкія цэны выраслі на 6,4% год да года.
Згодна з найважнейшымі прагнознымі параметрамі развіцця краіны сёлета гадавы прырост цэн не павінен перавысіць 7%.
Дырэктар МАЗа шукае 400 работнікаў, каб выканаць план
Менскі аўтамабільны завод адчувае вялікі кадравы голад: прадпрыемству патрабуецца амаль 400 работнікаў. Пра гэта сведчыць службовы дакумент, які здабыла арганізацыя BELPOL. Як вынікае з дакумента, для выканання вытворчага плана першага квартала 2026 года прадпрыемству не стае 397 супрацоўнікаў. Гендырэктар завода афіцыйна звяртаецца да міністра прамысловасці з просьбай тэрмінова забяспечыць завод рабочай сілай.
Больш за палову неабходных спецыялістаў складаюць слесары механазборачных работ — ключавая катэгорыя для зборачнай вытворчасці. Без іх выканаць план завод не зможа. Пры гэтым пытанне кваліфікацыі персаналу, як звяртаюць увагу ў BELPOL, фактычна адыходзіць на другі план: асноўная задача — знайсці людзей любой цаной, каб не дапусціць зрыву вытворчасці і прастояў з-за адсутнасці работнікаў, піша “Наша Ніва”.
Чартары ў Катар будуць лятаць з Берасця
З Берасця ўпершыню запусцяць чартарную праграму ў Катар. Навіной падзялілася авіякампанія Belavia. Палёты будуць выконваць на самалётах Boeing 737-800. Кансалідатарам рэйса выступіў турыстычны аператар “Інтэрсіці”.
Чартарную праграму ў Катар традыцыйна запускаюць у сакавіку таксама з Менска.
Беларускае Радыё Рацыя






