BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

НПЗ Беларусі выходзяць на ўстойлівую норму прыбытку

Беларускія НПЗ з чацвёртага квартала выходзяць на ўстойлівую норму прыбытку.

Фота ілюстрацыйнае: gorod214.by (НПЗ “Нафтан”).

Пра гэта заявіў кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой.

Па нафтавым рынку ў нас усе пагадненні ўжо падпісаныя, давальніцкая нафта пачала перапрацоўвацца на нашых двух НПЗ, нафтапрадукты паступаюць у Расею. Нешта прадаецца на экспартных рынках, нешта спажываецца ў нас, таму з улікам рэалізацыі гэтай схемы нашы два заводы з чацвёртага квартала выходзяць на ўстойлівую норму прыбытку, – запэўніў чыноўнік.

Паводле Крутога, была пастаўленая задача выйсці на 7-8% рэнтабельнасці беларускімі НПЗ. І нібыта гэтая задача будзе выканана.

Wise блакуе беларусам еўрапейскія рахункі па працоўных візах D

Плацежны сэрвіс Wise патрабуе ад беларусаў, якія карыстаюцца яго еўрапейскімі картамі, прадставіць дадатковыя дакументы – ВНЖ любой краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны або Швейцарыі. Пра гэта піша Dev.by.

Раней магчымасць адкрываць карты грамадзянам Беларусі і Расеі па працоўных візах закрылі Paysera і Revolut. Цяпер для адкрыцця еўрапейскіх карт патрэбны еўрапейскі ВНЖ. Эксперты звязваюць гэта з узмацненнем жорсткасці санкцый супраць дзвюх краін і бояззю банкаў атрымаць штрафы за парушэнне санкцый.

З’явіўся новы сэрвіс па адпраўцы грузаў з Беларусі ў Турцыю

Новы пастаянны сэрвіс па адпраўцы кантэйнерных цягнікоў са зборным грузам запусцілі паміж Беларуссю і Турцыяй. Інфармацыя пра гэта з’явілася на сайце «Белмытсэрвіса», заўважыў Office Life.

Гэта мультымадальны сэрвіс. Кантэйнерны цягнік фарміруюць у транспартна-лагістычным цэнтры “Мінск-Белмытсэрвіс-2” у Калядзічах. Затым груз едзе да порта ў Наварасійску, а далей – марскім транспартам у турэцкі порт Гебзе. Як паведамілі ў «Белмытсэрвісе», першы груз ужо адправіўся па гэтым маршруце.

Еўрапейскія краіны здымаюць абмежаванні на здабычу газу

У пачатку тыдня еўрапейскія цэны на газ паказалі адзнаку ніжэй за 28 еўра за мегават-гадзіну. Гэта былі самыя нізкія цэны з красавіка 2024 года і гэта выдатная навіна для спажыўцоў.  Еўрапейскія краіны агулам мяняюць свой падыход да выкапнёвага паліва, каб знізіць выдаткі на імпарт. Да прыкладу, Грэцыя, Італія і Вялікабрытанія аднавілі разведку нафты і газу ў спадзяванні зменшыць залежнасць ад імпарту энергіі.

Прыгадаем, што праз некалькі месяцаў пасля пачатку вайны ва Украіне цэны на газ перавышалі 340 еўра за мегават-гадзіну. Яшчэ ў сярэдзіне лістапада гэтага года цэны перавышалі 31 еўра.

Беларускае Радыё Рацыя.