BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Па «дармаедстве» ўводзяць чарговую змену

У Беларусі ў наступным годзе ўвядуць чарговую змену для «дармаедаў». Тыя, хто апошнія пяць гадоў не працаваў, не змогуць прэтэндаваць на дапамогу па беспрацоўі ад цэнтра занятасці. Новаўвядзенне прадугледжана праўкамі ў заканадаўства па занятасці.

Сярод умоў, якія трэба выканаць непрацаўладкаваным, каб атрымліваць дапамогу па беспрацоўі, прапішуць “знаходжанне не менш як пяць гадоў да рэгістрацыі беспрацоўнымі ў працоўных адносінах”. Як альтэрнатыва можа быць праца па грамадзянска-прававых дамовах (прасцей кажучы, па дамове падраду), але пры ўмове, што выплачваліся ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Нагадаем, сёлета дапамога па беспрацоўі складае максімум дзве базавыя велічыні, гэта значыць 80 рублёў. Але некаторым катэгорыям, напрыклад, якія выхоўваюць дзяцей, даюць прыбаўку ў памеры 10%. Гэтых грошай відавочна не хопіць, каб пражыць цягам месяца. Для параўнання: праязны на адзін від наземнага грамадскага транспарту ў Менску каштуе 38 рублёў на месяц.

У Беларусі ўлады працягваюць абмяркоўваць магчымыя новыя абмежаванні для тых, хто трапіў у базу «дармаедаў». Не выключана, што для працуючых за мяжой могуць увесці больш жорсткія ўмовы па бясплатнай медыцыне. У прыватнасці, кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава занепакоенае дальнабойшчыкамі.

Беларускае Радыё Рацыя

Малюнак з адкрытых крыніц інтэрнэту