Комплекс звадкавання прыроднага газу будзе працаваць на тэрыторыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку “Вялікі камень”. Гэта вынікае са слоў генеральнага дырэктара ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” Уладзіміра Маёрава. Інвестарам аб’екта выступае адна з кампаній расейскага ПАТ — “Газпрам гелій сэрвіс”.

– Мы сумесна ў наступным будзем удзельнічаць у эксплуатацыі, у звадкаванні, у рэалізацыі гэтага газу. Задача стаіць да канца гэтага года завод пабудаваць, — падкрэсліў Маёраў.
Магутнасць будучага комплексу складзе 3360 тон ЗПГ, асноўнымі спажыўцамі паліва будуць тэхніка МАЗ і БелАЗ, энерганасычаныя трактары і аўтобусы.
Золатавалютныя рэзервы Беларусі паставілі новы рэкорд
Па стане на 1 сакавіка 2025 года міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі склалі 9,407 млрд даляраў, паведамляе Нацбанк.
Гэта новы абсалютны рэкорд. Раней максімальны памер ЗВР быў зафіксаваны 1 студзеня 2020 года. Тады яны складалі 9,393 млрд даляраў. Цягам лютага ЗВР павялічыліся на 74 млн даляраў. Як адзначаецца, прырост быў зафіксаваны па ўсіх асноўных складніках золатавалютных рэзерваў.
Змены ў пытанні дзяржаўнай падтрымкі на жыллё
Лукашэнка падпісаў два ўказы, якія цяпер будуць рэгуляваць умовы атрымання дзяржпадтрымкі на жыллё для ўсіх катэгорый ільготнікаў. Акрамя таго, у Беларусі ўводзіцца механізм дзяржаўнага заказу на будаўніцтва жылля. Змены ўступаюць у сілу з 1 чэрвеня 2025 года. Паведамляецца, што памеры дзяржпадтрымкі і ўсе льготы, якія існавалі раней, захоўваюцца. Пры гэтым указ прадугледжвае тры формы дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве або набыцці жылля.
– Па-першае, для ўсіх катэгорый грамадзян будуць даступныя льготныя крэдыты на будаўніцтва або куплю аднакватэрных жылых дамоў і кватэр у блакаваных жылых дамах, пабудаваных па дзяржзаказе.
– Па-другое, 17 катэгорый грамадзян змогуць атрымаць аднаразовыя субсідыі на будаўніцтва або набыццё жылля.
– Па-трэцяе, для шматдзетных і маладых сем’яў пры нараджэнні дзяцей будзе магчымае вяртанне запазычанасці па льготных крэдытах за кошт дзяржавы.
ЗША ствараюць стратэгічны рэзерв крыптавалюты
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указ аб стварэнні стратэгічнага рэзерву біткоінаў і запасу лічбавых актываў.
Як растлумачылі ў прэс-службе Белага дома, у стратэгічны рэзерв паступяць біткоіны, якія знаходзяцца ў распараджэнні Мінфіна ЗША, якія былі канфіскаваны ў рамках крымінальных або грамадзянскіх працэсаў. Іншыя ведамствы краіны павінны будуць ацаніць перавод наяўных у іх біткоінаў у стратэгічны рэзерв. У паведамленні адзначаецца, што ЗША атрымліваюць стратэгічную перавагу, ствараючы рэзерв біткоінаў.
Расійскія калійныя солі дабіваюць польскую вытворчасць угнаенняў
Падсанкцыйныя ўгнаенні расійскіх вытворцаў даступныя ў польскім гуртавым гандлі. Гэтыя прадукты трапляюць на рынак Польшчы, бо распаўсюджваюцца праз пасярэднікаў, зарэгістраваных у Літве ці Беларусі, — піша Wirtualna Polska. Не дзіва, што яны заваёўваюць польскі рынак, бо тона расійскай калійнай солі на некалькі соцень злотых таннейшая за польскія ўгнаенні.
Wirtualna Polska апісвае гісторыю фермера з Пулаваў, які замовіў неабходныя для веснавых палявых работ угнаенні і атрымаў з Расіі прадукт вытворчасці кампаніі з санацыйнага спісу Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. На мяшках была маркіроўка на польскай мове, а таксама інфармацыя аб тым, што вытворцам угнаенняў з’яўляецца “Щекиноазот” з Тулы ў цэнтральнай Расеі.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: RFE/RL.






