Абмежаванні 16-га пакета санкцый Еўразвязу супраць Расеі закранулі і два банкі ў Беларусі. Інфармацыю пра гэта ў заяве Еўракамісіі заўважыў Reform.

У санкцыйны спіс трапілі Белгазпрамбанк і Банк БелВЭБ. Так атрымалася праз тое, што банкі выкарыстоўвалі СПФС (сістэму перадачы фінансавых паведамленняў). Гэта расейскі аналаг SWIFT, які выкарыстоўваюць для абыходу санкцый. У заяве Еўракамісіі сказана, што банкі карысталіся гэтай сістэмай з «відавочным намерам абыходзіць нашы меры».
Еўразвяз прыняў чарговы пакет санкцый у гадавіну поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну. У яго трапілі 48 фізічных і 35 юрыдычных асобаў, адказных за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту Украіны.
Беларусы не змогуць адкрываць кашалькі на еўрапейскіх крыптабіржах
Еўразвяз забараніў грамадзянам і рэзідэнтам Беларусі адкрываць (мець) крыптакашалькі ці захоўваць крыптаактывы на біржах, звярнула ўвагу выданне devby.io. Гэтыя абмежаванні таксама ўведзеныя ў рамках 16-га пакета санкцый супраць Расеі. Акрамя таго грамадзянам Беларусі ці фізічным асобам, якія пражываюць у Беларусі, забаронена займаць кіраўнічыя пазіцыі і валодаць ці кантраляваць кампаніі або органы, якія займаюцца прадастаўленнем такіх паслуг.
Пад названыя абмежаванні не трапляюць тыя грамадзяне Беларусі, якія маюць часовы ці пастаянны дазвол на жыхарства ў краінах ЕЗ.
Таксама пад санкцыі трапілі “продаж, пастаўка, перадача, экспарт або прадастаўленне праграмнага забеспячэння, звязанага з разведкай нафты і газу”. І завод “Інтэграл”, чыю прадукцыю знайшлі на полі бою.
“Нафтан” мае сур’ёзны дэфіцыт кадраў
На прадпрыемстве “Нафтан” і яго “дачцы” “Палімір” патрабуюцца больш за паўтысячы работнікаў. Гэта ў 4,5 разу больш, чым тры гады таму, піша «Люстэрка».
Па дадзеных дзяржаўнай базы вакансій на 24 лютага, на “Нафтане”, які займаецца нафтаперапрацоўкай, адкрыта 558 вакансій. Пры гэтым былі месцы як для кіраўніцтва, так і для шараговых спецыялістаў і працоўных. З топаў тут патрабуецца галоўны інжынер – першы намеснік кіраўніка. Прэтэндэнту на пасаду трэба мець вышэйшую тэхнічную адукацыю і стаж працы кіраўніком не менш за пяць гадоў. Заробак – 8900 рублёў. Таксама шукаюць намесніка галоўнага інжынера з вышэйшай адукацыяй.
Для апаратчыкаў ёсць 74 працоўныя месцы. На працу аператарам возьмуць 76 чалавек. Патрабуецца шэраг іншых работнікаў.
Звольняць чатыры тысячы супрацоўнікаў, замяніўшы іх ШІ
DBS Group Holdings, які лічыцца найбуйнейшым банкам Паўднёва-Усходняй Азіі, у бліжэйшыя тры гады скароціць штат супрацоўнікаў прыкладна на чатыры тысячы чалавек. Як піша “Інтэрфакс”, функцыі звольненых будзе выконваць штучны інтэлект. Галоўны выканаўчы дырэктар банка Піюш Гупта пацвердзіў гэтыя планы і дадаў, што звальненні закрануць часовых супрацоўнікаў і работнікаў па кантракце. Пастаянны персанал скарачаць пакуль не плануюць. Цяпер штат DBS налічвае каля 41 тысячы чалавек.
Раней аналітыкі Bloomberg Intelligence прагназавалі, што ў бліжэйшыя 3-5 гадоў сусветныя банкі могуць скараціць да 200 тыс. працоўных месцаў з-за ўкаранення штучнага інтэлекту, піша Office Life.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: «Белгазпрамбанк»






