У дачыненні да Беларусі дзейнічае 1499 сектаральных і персанальных санкцый. Такая статыстыка падаецца ў артыкуле прадстаўніцы Міністэрства эканомікі Наталлі Ганчарык у снежаньскім нумары часопіса “Фінансы. Улік. Аўдыт”, заўважыў “Позірк”. Прычым 711 з гэтых санкцый уведзена пасля пачатку шырокамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны. Па колькасці ўведзеных санкцый Беларусь займае пятае месца ў свеце. Яе апярэджваюць Расея, Іран, Сірыя і Паўночная Карэя.

“Прамы ўплыў абмежаванняў закрануў каля 25% беларускай эканомікі і ўскосна адбіўся на ўсёй астатняй яе частцы”, — адзначае Наталля Ганчарык. Прычым асноўны ўдар прыпаў на прамысловыя галіны і валаўтваральныя прадпрыемствы. Ад іх ускосна адчулі наступствы санкцый спадарожныя сектары, асабліва аптовы гандаль і грузаперавозкі. Ганчарык канстатуе, што санкцыі закранулі каля 70% экспарту ў Еўразвяз, або амаль 17% паставак тавараў за мяжу. У выніку давялося шукаць новыя рынку збыту і шляхі дастаўкі калійных угнаенняў, нафтапрадуктаў, прадукцыі дрэваапрацоўкі.
У Беларусі цішком зачынілася прадстаўніцтва Johnson&Johnson
У мінулым месяцы ў Беларусі зачынілася прадстаўніцтва аднаго з сусветных лідараў па выпуску санітарна-гігіенічнай, лекавай і медыцынскай прадукцыі — амерыканскага холдынгу Johnson&Johnson, піша PlanB. Афіцыйных заяў з гэтай нагоды зроблена не было. Таму пакуль невядома, як рашэнне аб закрыцці прадстаўніцтва адаб’ецца на пастаўках прадукцыі Johnson&Johnson у Беларусь.
Эксперты лічаць, што, хутчэй за ўсё, закрыццё офіса Johnson&Johnson у Беларусі з’яўляецца часткай структурнай рэарганізацыі. Холдынг з недружалюбнай краіны, верагодна, хаця і скараціць асартымент, працягне дзейнасць на рынку «па гуманітарных меркаваннях», як гэта часта тлумачаць у падобных выпадках. Аднак магчыма і тое, што гэтыя аргументы для кіраўніцтва і акцыянераў Johnson&Johnson перастануць быць пераканаўчымі.
Liqui Moly, Škoda і Beiersdorf застаюцца ў Беларусі пад забаронай
Дзеянне «спецыяльных мер» у дачыненні да прадукцыі шэрагу еўрапейскіх вытворцаў падоўжанае да 31 снежня 2025 года, вынікае з пастановы Савета міністраў. Контрасанкцыі, першапачаткова ўведзеныя на паўгода 23 красавіка 2021 году, падаўжаліся з таго часу ўжо пяць разоў.
Да канца 2025 году ў Беларусі забаронены гандаль таварамі груп кампаній Liqui Moly, Škoda Auto і Beiersdorf.
Пачалося ўсё з таго, што названыя кампаніі заявілі, што не будуць спансіраваць чэмпіянат свету па хакеі 2021 года, які планавалася правесці ў Менску і Рызе, калі Беларусь застанецца бокам, які яго прымае. У выніку ўсім турнірам займалася Латвія. У адказ улады ў Менску ўвялі контрсанкцыі і забаранілі названым кампаніям прысутнічаць на беларускім рынку.
Беларускае Радыё Рацыя.






