Міністэрства гандлю ЗША ўвяло экспартныя абмежаванні на прадукцыю кампаніі Sandvine. Яе абсталяванне выкарыстоўвалася для блакавання інтэрнэту ў Беларусі ў 2020 годзе.

Sandvine – канадская кампанія, ёй у сваю чаргу валодае амерыканская Francisco Partners. Sandvine выпускае абсталяванне для маніторынгу і фільтрацыі сеткавага трафіку. З яго дапамогай можна ў тым ліку блакаваць трафік на асобныя сайты. Менавіта тэхналогіі Sandvine выкарыстоўваліся ў Беларусі ў 2020 годзе для блакавання інтэрнэту. Калі гэта стала вядома, кампанія заявіла, што ў яе праграмы дадалі «кастамны код», каб «перашкодзіць свабоднаму абмену інфармацыяй падчас беларускіх выбараў». У верасні 2020 года Sandvine скасавала здзелку з беларускімі ўладамі, назваўшы яе неэтычнай.
У 2022 годзе стала вядома, што Sandvine пастаўляла абсталяванне глыбокай фільтрацыі трафіку (DPI) расейскім правайдэрам. Кампанія заявіла, што пакінула Расею пасля пачатку вайны ва Украіне.






