BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падаткавікі пачалі “кантрольныя мерапрыемствы”

Пра правядзенне “кантрольных мерапрыемстваў” на аб’ектах рознічнага гандлю паведаміла 6 лістапада Міністэрства па падатках і зборах (МПЗ).

Заяўляецца, што “мерапрыемствы” праводзяцца ў рамках узмацнення да канца 2024 года “кантролю за выкананнем заканадаўства пры прыёме сродкаў плацяжу, выкарыстанні плацежных тэрміналаў, маркіроўкі тавараў уніфікаванымі кантрольнымі знакамі і сродкамі ідэнтыфікацыі”.

У ведамстве адзначылі, што пры вядзенні адміністрацыйных працэсаў у дачыненні да суб’ектаў гаспадарання, якія дапусцілі парушэнні, “будуць улічвацца прынятыя імі меры па замене касавага абсталявання”.

“Да тых, хто не прыняў належныя меры па замене касавага абсталявання, можа прымяняцца максімальная адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам”, — гаворыцца ў паведамленні.

Раней паведамлялася, што па выніках праведзеных праверак за дзевяць месяцаў 2024 года ўстаноўлена 629 фактаў нявыплаты падаходнага падатку на агульную суму 74,7 млн рублёў.

За названы перыяд у адрас суб’ектаў гаспадарання накіравана больш за 44 тыс. апавяшчэнняў пра неабходнасць “добраахвотнай ліквідацыі парушэнняў”, альбо прадастаўлення “адпаведных тлумачэнняў”.

21 траўня намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыі кантрольнай дзейнасці МПЗ Галіна Кавалёва паведаміла, што ў 2023 годзе падаходны падатак за кошт павелічэння паступленняў стаў першай па значнасці крыніцай фарміравання даходаў бюджэту, на яго долю прыпадае 26,8% усіх падатковых паступленняў. У мінулым годзе на адрас суб’ектаў гаспадарання было накіравана 70 тыс. “паведамленняў і апавяшчэнняў у рамках камеральнага кантролю”, сума да даплаты склала 52 млн рублёў.

Камітэт дзяржаўнага кантролю (КДК) у 2023 годзе правёў 62 праверкі, звязаныя з выплатамі заробкаў “у канвертах”. Падчас праверак было выяўлена 103 злачынствы, сума дадаткова прад’яўленага падаходнага падатку і страхавых узносаў склала больш за 24 млн беларускіх рублёў. Пра гэта паведамляў намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) КДК Юрый Кардымон.

Крынціца: pozirk.online