BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Падляшскія фірмы моцна занепакоеныя

Фірмы, якія працуюць на Падляшшы, баяцца, што закрыццё мяжы з Беларуссю не скончыцца праз некалькі дзён. «Для нас гэта смерць ад голаду», – кажа Матэвуш Грыгарук з Польскага саюзу прадпрымальнікаў «Аб’яднаны Усход».

Паводле слоў прадпрымальніка, адсутнасць стабільнасці азначае драматычныя страты для мясцовага бізнесу. «Я скончыў мінулы год са стратай у 97 000 злотых. І я атрымаў ліст з падатковай інспекцыі з пытаннем, чаму я яшчэ не закрыў сваю кампанію», – кажа ён. Ён дадае, што ў яго ніколі не было такога дрэннага жніўня. Грыгарук дадае, што прадпрымальнікі на Падляшшы адчуваюць сябе пакінутымі і не маюць падтрымкі. «Калі закрыццё мяжы працягнецца больш за гэтыя некалькі дзён, у нас няма ніякіх шанцаў падтрымліваць нашы семʼі, супрацоўнікаў ці бізнес. Гэта будзе канец», – падкрэслівае Грыгарук у інтэрв’ю выданню money.pl.

Расце запазычанасць насельніцтва па банкаўскіх крэдытах

Паводле даных Нацыянальнага банка Беларусі, у ліпені агульная сума запазычанасцяў фізічных асоб упершыню ў найноўшай гісторыі перавысіла 28 мільярдаў беларускіх рублёў. За год гэты паказчык вырас прыкладна на 20%. Пры гэтым больш за 60% крэдытнай запазычанасці прыпадае на іпатэку — пазыкі на куплю жылля.

Старшыня праўлення Нацбанка Раман Галоўчанка у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны» адзначыў, што такая тэндэнцыя сведчыць пра давер беларусаў да будучыні і пра пэўны ўзровень іх даходаў. «Узровень даходаў дазваляе браць крэдыт, таму што банк яго не выдасць, калі не ўбачыць стабільных крыніц даходу», — заявіў чыноўнік.

Чыноўнікі зарабляюць амаль удвая больш за настаўнікаў

У ліпені ў Беларусі сярэдняя зарплата чыноўнікаў склала 3658,7 рубля. Такія даныя прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт. Пры гэтым намінальная налічаная сярэдняя зарплата работнікаў за ліпень склала 2772,4 рубля. Найбольшыя заробкі атрымлівалі айцішнікі — 5866,1 рубля. Найменшыя, традыцыйна, у сферы адукацыі — 1864,2 рубля.

Такім чынам, сярэдняя зарплата чыноўнікаў амаль у два разы вышэйшая, чым у настаўнікаў.

Трамп паабяцаў санкцыі супраць Расеі, але ёсць умова

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў аб гатоўнасці ўвесці “сур’ёзныя санкцыі” супраць Расеі пры двух умовах. Па-першае, тое ж самае павінны зрабіць усе краіны НАТА. Па-другое, яны павінны перастаць купляць расейскую нафту, піша “Коммерсант”. Трамп паведаміў аб гэтым у адкрытым лісце, дасланым краінам альянсу. На яго думку, набыццё расейскай нафты некаторымі краінамі НАТА «шакуе». Ён лічыць, што гэта “значна аслабляе” іх пазіцыі на перамовах.

Пры гэтым, заявіў Трамп, новы пакет мер супраць Расеі прадугледжвае націск на банкі, нафтавы сектар і гандаль з трэцімі краінамі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: Joanna Szubzda, poranny.pl.