Некалькі тысяч пакістанцаў паедуць у Беларусь на працу, заявіў на сустрэчы з кіраўніком беларускага МУС Іванам Кубраковым федэральны міністр унутраных спраў і кантролю за абаротам наркотыкаў Пакістана Мохсін Накві. Пра гэта паведамляе прэс-служба пакістанскага ведамства.

Бакі дамовіліся ўмацоўваць супрацоўніцтва ў галіне барацьбы з тэрарызмам і наркотыкамі, забеспячэння бяспекі межаў і падрыхтоўкі супрацоўнікаў сілавых ведамстваў. Заключана пагадненне аб экстрадыцыі. “Мы прыкладзем усе намаганні для накіравання ў Беларусь найлепшай рабочай сілы пасля дбайнай праверкі”, — заявіў міністр унутраных спраў Пакістана.
Лукашэнка прыгразіў гандлёвым сеткам «сумнымі наступствамі»
Актыўна прыцягваць гандлёвыя сеткі да захоўвання і продажу бульбы даручыў чыноўнікам Аляксандр Лукашэнка. Адпаведнае распараджэнне ён даў падчас рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць. Лукашэнка таксама прыгразіў гандлёвым сеткам «сумнымі наступствамі» за адсутнасць на прылаўках крамаў «якаснай даступнай айчыннай бульбы».
Пазней падчас нарады па развіцці бульбаводства палітык папрасіў прысутных данесці да людзей, «што бульбы ў нашай краіне, як заўсёды, дастаткова». Яшчэ 8 траўня Лукашэнка прызнаў, што ў краіне існуе дэфіцыт бульбы. На гэта раней скардзіліся беларусы, аднак чыноўнікі ўпарта абвяргалі, піша партал “Люстэрка”.
На Беларусь прыпадае 5% міжнародных пералётаў расейцаў
Па 5% міжнародных пералётаў расейцаў гэтым летам прыпадае на Беларусь і Азербайджан — гэта 7–8 месца па папулярнасці ў грамадзян РФ за названы перыяд. Гэта дадзеныя анлайн-сэрвісу для куплі авіябілетаў “Авіясэйлс”, на якія звярнуў увагу “Позірк”. Пры гэтым самым папулярным месцам прызначэння для расейцаў, якія вандруюць паветрам, гэтым летам з вялікім адрывам з’яўляецца Узбекістан — 21% міжнародных пералётаў.
У сакавіку профільны расейскі анлайн-сэрвіс “Туту” паведамляў, што ў мінулым годзе назіраўся рэзкі рост турыстычнага патоку з РФ у Беларусь, які павялічыўся на 32% у параўнанні з пазамінулым годам.
У Польшчы дзяржаўная чыгунка траціць манаполію перавозкі
Чэшская прыватная пасажырская чыгуначная кампанія RegioJet 18 верасня стартуе з рэйсам Кракаў – Варшава. На першапачатковым этапе штодзённа паміж гарадамі будзе курсіраваць адзін цягнік у два бакі. У канцы года кампанія хоча павялічыць лічбу цягнікоў да некалькі пар, піша Беларуская служба Польскага радыё.
Акрамя таго, у снежні RegioJet плануе пачаць рэалізацыю маршрутаў на трасах Варшава – Гданьск, Варшава – Познань, Варшава – Прага і Варшава – Вена. У сувязі з развіццём перавозчык хоча працаўладкаваць у Польшчы 300-500 чалавек, пры гэтым абяцаючы зарплату да 16 тысяч злотых (каля 3 тысяч 800 еўра). У сваіх вагонах RegioJet прапануе чатыры класы абслугоўвання: Low Cost, Standard, Relax i Business.
У сакавіку наступнага года іншы прыватны чэшскі чыгуначны перавозчык Leo Express пачне вазіць пасажыраў на трасе Варшава – Прага праз Кракаў. Мяркуецца, што дэманапалізацыя чыгуначных перавозак дапаможа зрабіць цэны больш эластычнымі і дэмакратычнымі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: unctad.org.






