BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пакістан і Беларусь: як выглядае эканамічнае супрацоўніцтва

Пры наладжванні “правільных партнёрскіх стасункаў” прадпрыемствы Беларусі і Пакістана могуць скараціць выдаткі на дастаўку сваёй прадукцыі адзін аднаму “працэнтаў на 15”, заявіў гендырэктар лагістычнага аператара “Белмытсэрвіс” Дзмітрый Кавалёнак на палях двухбаковага бізнес-форуму, які адкрыўся ў Ісламабадзе перад візітам Аляксандра Лукашэнкі.

Старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Міхаіл Мятлікаў заявіў, што ў рамках двухбаковага бізнес-форуму гатовыя да падпісання восем дакументаў на агульную суму больш за 17 млн даляраў. Паводле чыноўніка, летась беларускі экспарт у Пакістан “дадаў 250%” у параўнанні з 2022-м. Сёлета таксама адзначаецца рост. Як піша «Позірк», звестак пра ўзаемны гандаль за 2022 і 2023 год у адкрытым доступе няма.

У Маскве нацыяналізавалі нерухомасць алігарха з беларускімі каранямі

Амаль тры дзясяткі маскоўскіх гандлёвых аб’ектаў і бізнес-цэнтраў, звязаных з былым уладальнікам банка «Югра» Аляксеем Хоціным, былі канфіскаваны судом на карысць дзяржавы. Як піша «Коммерсант», агульная плошча канфіскаванай нерухомасці перавышае 1,5 млн кв. м.

Аляксей Хоцін і яго бацька Юрый доўгі час лічыліся аднымі з найбольшых уладальнікаў камерцыйнай нерухомасці ў Расеі. У 2012 годзе Аляксей Хоцін таксама стаў асноўным уладальнікам банка «Югра». У дачыненні да яго было распачата некалькі крымінальных спраў аб размантачванні на дзясяткі мільярдаў расейскіх рублёў. У сакавіку сёлета па адной з гэтых спраў Хоціна прысудзілі да дзевяці гадоў калоніі. У лістападзе ён аб’явіў аб намеры адправіцца ваяваць ва Украіну.

Сярод першых рашэнняў Трампа будзе пытанне мытных пошлін

Дональд Трамп пацвердзіў, што яго першым эканамічным рашэннем пасля інаўгурацыі ў студзені будзе павышэнне мытных пошлін на прадукцыю з Кітая, Канады і Мексікі. Трамп тлумачыць гэта крызісамі, звязанымі з наркотыкамі і міграцыяй.

«20 студзеня, як адно з першых маіх рашэнняў, будзе падпісанне неабходных дакументаў, каб абкласці Мексіку і Канаду мытам у памеры 25% на ўсе прадукты, якія ўвозяцца ў ЗША праз іх абсурдныя Адчыненыя Граніцы», – напісаў Трамп на сваё платформе Truth Social. Прэзідэнт-элект дадаў, што рашэнне застанецца ў сіле да таго часу, пакуль абедзве краіны не спыняць дастаў наркотыкаў і «нашэсце нелегальных чужаземцаў» у штаты.

У асобным допісе ён паабяцаў павысіць на 10% мыта таксама на ўсе прадукцыю з Кітая.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц (Ісламабад)