У Беларусі 28 сакавіка паднялі рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва. Наступным разам яны вырастуць з 4 красавіка. Падаражанне за два падыходы складзе сем капеек. У «Беларуснафце» расказалі, што прычына не толькі ў скачку цэн на паліва ў шэрагу суседніх краін, але і ў традыцыйным для вясны павелічэнні транзіту і агульнага патоку машын. Па заходнім памежжы продажы выраслі прыкладна на 20% адносна аналагічнага перыяду 2025-га. На асобных аб’ектах рэалізацыя вырасла ў два-тры разы, — паведамілі ў «Беларуснафце».

Таксама ў «Беларуснафце» адзначаюць, што цана бензіну АІ-95 і АІ-98, дызпаліва, у Беларусі ніжэйшая за аналагічную ў Польшчы больш чым удвая, піша “Люстэрка”.
Трамп дае параду тым, хто наракае на высокі кошт нафты
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп адправіў краіны, якія маюць цяжкасці з пастаўкамі энергарэсурсаў з-за яго аперацыі супраць Ірана, разблакаваць Армузскі праліў уласнымі сіламі, калі яны не хочуць купляць нафту ў ЗША. Пра гэта ён напісаў у сваёй сетцы Truth Social.
«Усім тым краінам, якія не могуць атрымаць авіяцыйнае паліва з-за Армузскага праліва, як, напрыклад, Злучанае Каралеўства, якое адмовілася ўмешвацца ў абезгалоўліванне Ірана, у мяне ёсць для вас прапанова: №1, купляйце ў ЗША, у нас яго дастаткова, і №2, набярыцеся смеласці, адпраўляйцеся ў праліў. Вам давядзецца навучыцца змагацца за сябе, ЗША больш не будуць вам дапамагаць, гэтак жа як вы не дапамагалі нам. Іран, па сутнасці, знішчаны. Самае складанае ўжо зроблена. Ідзіце і здабывайце сваю нафту!» – гаворыцца ў яго паведамленні.
У Польшчы ліквідавалі падпольную тытунёвую фабрыку, створаную беларусамі
У злачынную групу, якая арганізавала ў Паморскім ваяводстве выпуск кантрафактных тытунёвых вырабаў, уваходзілі 10 грамадзян Беларусі і па адным Польшчы і Латвіі. Падчас спецаперацыі, праведзенай польскімі пагранічнікамі, мытнікамі і падаткавікамі, было канфіскавана каля 17 тон сушанага і нарэзанага тытуню, больш за 4,1 мільёна цыгарэт і цэлая вытворчая лінія, піша выданне “Беларусы і рынак”.
Кошт канфіскаваных падакцызных тавараў перавышае 9 млн. злотых. Калі б тавар быў выпушчаны на рынак, казна страціла б не менш за 25,2 млн злотых у выглядзе нявыплачаных акцызных падаткаў.
ЕЗ уводзіць падатак на пасылкі з Беларусі
З 1 ліпеня ў Еўрапейскім звязе ўводзяць падатак на дробныя пасылкі з краін па-за ЕЗ. У гэтай групе знаходзіцца і Беларусь. Гэтая мера працягнецца як мінімум да 2028 года. Новая пошліна тычыцца тавараў коштам да 150 еўра – менавіта на гэтую катэгорыю прыпадае асноўная частка заказаў у інтэрнэт-крамах.
Галоўны нюанс – збор у памеры 3 еўра будуць спаганяць не за ўсю пасылку ў цэлым. Напрыклад, пакупнік заказвае з Азіі некалькі недарагіх тавараў: футболку за 8 еўра, навушнікі за 12 еўра і крэм для рук за 5 еўра. Агульны кошт такой пасылкі складае 25 еўра. Аднак у замове прысутнічаюць тры розныя катэгорыі тавараў – адзенне, электроніка і касметыка. Па новых правілах збор налічаць за кожную катэгорыю асобна. Пошліна складзе 9 еўра.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: Delo.ua.






