BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Германія больш актыўна імпартуе беларускія азотныя ўгнаенні

З пачатку года Германія імпартавала азотных угнаенняў з Беларусі на 1,3 млн еўра – столькі ж, колькі за ўвесь мінулы год. Пра гэта сведчаць дадзеныя Федэральнага міністэрства харчавання і сельскай гаспадаркі, прадстаўленыя па запыце DW. Пры гэтым з 2022 года пастаўкі азотных угнаенняў з Беларусі ў Германію павялічыліся ў 120 разоў.

Нагадаем, раней у Еўразвязе адобрылі ўвядзенне 6,5-працэнтных пошлін на ўгнаенні з Расеі і Беларусі, плюс дадатковыя зборы па 40-45 еўра за тону на працягу 2025-2026 гадоў. Да 2028 года гэтыя пошліны маюць скласці 430 еўра за тону. Паводле інфармацыі DW, галасаванне па гэтым пытанні ў Радзе ЕЗ адбудзецца ў чэрвені, а з 1 ліпеня новыя пошліны могуць уступіць у сілу.

Соль патаннела, капуста падаражала ўдвая

Соль, аліўкавы алей, а таксама сыравэнджаная і сыравяленая каўбаса — адзіныя харчовыя несезонныя тавары, якія патаннелі за чатыры месяцы бягучага года, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак Белстата. Зніжэнне цэн нязначнае, у межах сотых працэнта.  Сярод сезонных харчовых тавараў знізіліся цэны толькі на салодкі перац (-16,68%), агуркі (-14,48%), а таксама менш значна на часнок, сухафрукты і цытрусавыя.

Лідары па падаражанні: какава-парашок, які дадаў больш за 25 працэнтаў у цане, таксама салёны селядзец (плюс больш як 17 працэнтаў), шакалад і натуральная молатая кава (рост у межах 14 працэнтаў), некаторыя цукеркі, а сярод сезонных тавараў амаль напалову падаражала капуста, а таксама ад 27 да 35 працэнтаў адбыўся рост цэн на яблыкі, буракі, бульбу і моркву.

Пастаўкі пеністых вінаў з Беларусі ў Расею выраслі ў 21 раз

У першым квартале продажы беларускага пеністага віна ў Расеі павялічыліся больш чым у 20 разоў. Беларусь упершыню ўвайшла ў топ-10 краін па продажы гэтай прадукцыі ў РФ. Актыўныя пастаўкі віна з Беларусі пачаліся яшчэ летам мінулага года.

Анамальны рост паставак беларускага пеністага віна звязаны ў асноўным з нізкай базай, кажа кіраўнік WineRetail Аляксандр Стаўцаў. Паводле яго слоў, вытворцы завозяць вінаматэрыял з іншых краін і разліваюць у сябе, бо ў Расею завозіць такі вінаматэрыял нельга. Таксама гэта спроба прапанаваць недарагі аналаг прасека, якое прыкметна вырасла ў цане пасля ўвядзення новых пошлін і акцыз, піша “КоммерсантЪ”.

У Баранавічах адкрылі завод халадзільнікаў

У Баранавічах адкрылі сумесны беларускі-кітайскі завод халадзільнікаў, які створаны ў супрацоўніцтве з кітайскай кампаніяй Midea, піша Office Life. Кампанія Midea, якая да гэтага часу працавала ў Расеі, вырашыла перанесці вытворчасць у Беларусь і стала асноўным партнёрам у праекце.

Ідэя стварэння такога завода ўзнікла летась у верасні. Тады гаварылася, што вытворчасць размесцяць на тэрыторыі Баранавіцкага завода аўтаматычных ліній. Магутнасць завода – да мільёна халадзільнікаў у год. Пры гэтым выпускаць тут збіраюцца таксама іншую бытавую тэхніку. З пачатку года кампанія “Мідэа Рэфрыжэратар Мануфактурынг”, якая кіруе заводам, набірае персанал.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: “Гродна Азот”