Падчас рабочай паездкі ў Скідзель кіраўнік Гарадзенскага аблвыканкама Юрый Караеў наведаў мясцовы агракамбінат і паведаміў пра замену там кіраўніцтва праз праваленую вытворчасць.

Пасля чаго абрынуўся з крытыкай на рэшту калектыву і забараніў супрацоўнікам прадпрыемства звальняцца, перадае «Гродна Плюс». Цяпер гендырэктарам агракамбіната «Скідзельскі» пазначаны Сяргей Бычак, раней прадпрыемства ўзначальваў Дзмітрый Капко.
Караеў раскрытыкаваў кіраўнікоў агракамбіната, у прыватнасці тых, хто «не справіўся, дапамагаў не па тых цэнах прадаваць прадукцыю, не сачыў за эканоміяй, стратамі». І адзначыў, што на прадпрыемстве дэфіцыт кадраў: не хапае рабочых, скотнікаў, цялятніц, птушкагадоўцаў.
Аб’ём складскіх запасаў вырас за год амаль на чвэрць
Паводле вынікаў студзеня аб’ём складскіх запасаў прамысловай прадукцыі ў Беларусі склаў у грашах амаль 12,5 мільярдаў рублёў. Гэта на 24% больш, чым у студзені мінулага года. Паведамляе «Позірк».
Найгоршая дынаміка ў гадавым выражэнні зафіксавана ў Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях, у якіх запасы на складах выраслі на 48,6% і 46,6% адпаведна.
З Беларусі ў Кітай запусцілі новы сэрвіс дастаўкі беларускай прадукцыі
У Беларусі арганізавалі новы сэрвіс кантэйнерных чыгуначных перавозак айчынных грузаў у Кітай. Пра гэта Office Life распавялі ў «Белмытсэрвісе».
З Калядзічаў у кітайскі Эрлянь адправіўся рэгулярны кантэйнерны цягнік “Васілёк”. Ён даставіць у Паднябесную праз Расею і Манголію 31 вагон і 62 саракафутавыя кантэйнеры з беларускімі таварамі: піламатэрыяламі, торфам і льновалакном.
Па словах міністра транспарту Аляксея Ляхновіча, за апошнія гады колькасць кантэйнерных цягнікоў з Беларусі ў Кітай вырасла ў 10 разоў. Калі ў 2021 годзе адправілі каля 150 кантэйнерных цягнікоў з беларускай экспартнай прадукцыяй, то ў 2024-м – 1,5 тысячы.
Ёсць шанец на тое, што шакалад патаннее
Цана на какава-бабы на біржах апусцілася ніжэй за адзнаку 3 тысячы 400 даляраў за тону. Гэта адбылося ўпершыню з лета 2023 года, піша Office Life. З пачатку лютага цана на какаву знізілася прыкладна на 15%, а ў студзені цэны ўпалі прыблізна на траціну.
У той жа час, мяркуюць аналітыкі, хуткага зніжэння цэн на шакалад не будзе, бо вытворцы маюць вялікія запасы сыравіны, набытай па старых цэнах, таксама ўплывае і агульнае зніжэнне попыту на какаву, бо многія брэнды змянілі рэцэптуру сваёй прадукцыі, каб менш выкарыстоўваць какаву з прычыны высокай цаны. Тым не менш, сёлета шакалад у продажы і так можа патаннець на 15-30%.
Прыгадаем, што ў снежні 2024 года цана на какаву дасягнула гістарычнага рэкорда, перавысіўшы 12 тысяч даляраў за тону.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: produkt.by.






