BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Парадоксы банкруцтва магутных прадпрыемстваў у Беларусі

Кампанія «Фрэшчыз» з акцыямі гігантаў Беларусі – банкрут.

У Менску Эканамічны суд адкрыў конкурсную вытворчасць у дачыненні да кампаніі, якая валодае актывамі на суму больш за 205 млн рублёў, але не змагла расплаціцца з даўгамі ў памеры 53,6 млн рублёў. Суд фактычна прызнаў кампанію неплацежаздольнай. На першы погляд – парадокс, бо актывы ў чатыры разы перавышаюць даўгі, але суд палічыў іначай.

Ключавой праблемай стала няздольнасць кампаніі ператварыць актывы ў грошы, неабходныя для разлікаў. «Фрэшчыз» – гэта не вытворчае прадпрыемства, а інвестыцыйны холдэр, які валодае долямі і акцыямі рэальных беларускіх прадпрыемстваў. Пры яго ліквідацыі крэдыторы атрымаюць права на прамы ўплыў і частку маёмасці. Інвестары і канкурэнты – шанец выкупіць актывы па зніжанай цане, піша «Беларусы і рынак».

Еўропа ўсё менш купляе расейскага газу

Экспарт расейскага газу ў Еўропу ўпаў да ўзроўню пачатку 1970-х гадоў – гэта вынікаў з падлікаў агенцтва Reuters. Яны паказваюць, што да канца года дзяржаўная кампанія “Газпром” прапампуе на Захад толькі 16 мільярдаў кубічных метраў гэтай сыравіны. За першае паўгоддзе расейская газавая манаполія прапампавала еўрапейскім спажыўцам 8,33 мільярда кубічных метраў газу. Гэта азначае, што ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, экспарт «Газпрома» ў Еўропу, які раней быў яго найбуйнейшым рынкам збыту, знізіўся яшчэ на 47 працэнтаў, і да канца года ён ледзь перавысіць 16 мільярдаў кубічных метраў. Гэта менш, чым спажывае толькі сама Польшча за год, піша партал money.pl.

Да вайны з Украінай экспарт «Газпрома» ў Еўропу дасягнуў піку ў 200 мільярдаў кубічных метраў газу, але з таго часу ён упаў у 12 разоў. Цалкам адмовіцца ад расейскага газу ў Еўразвязе плануюць да 2027 года.

У Польшчы зніжаюцца працэнтныя стаўкі

Рада па грашовай палітыцы Польшчы пасля двухдзённага пасяджэння прыняла рашэнне па працэнтных стаўках. Вырашана знізіць працэнтныя стаўкі на 25 базавых пунктаў, паведаміў Нацыянальны банк Польшчы. 

Такім чынам, базавая стаўка складае 5% у параўнанні з папярэднім узроўнем 5,25%. Такім чынам асноўная працэнтная стаўка, базавая стаўка, зніжана да 5% гадавых, а стаўка па дэпазітах складзе 4,5%.  Апошняе зніжэнне ставак адбылося ў пачатку траўня, калі яны былі зніжаны  на 50 базавых пунктаў.

Пасля абвяшчэння рашэння Рады па грашовай палітыцы аб зніжэнні працэнтных ставак, польская валюта аслабела ў адносінах да асноўных валют. Эканамісты лічаць рашэнне па працэнтных стаўках апраўданым, хоць і зазначаюць, што яно здзівіла рынак.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: yurist.kharkov.ua