BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Пархомчык ацаніў страты яблык пры вясенніх замаразках

У інтэрв’ю ў «Галоўным эфіры» старшыня Берасцейскага аблвыканкама Пётр Пархомчык расказаў, як у яго рэгіёне ідуць справы з уборкай ураджаю. Ён сказаў, што з гароднінаю ў аграрыяў няма праблем, аднак ён канстатаваў, што пасля трох хваляў замаразкаў вельмі сур’ёзна пацярпелі сады.

«У 2024 годзе мы атрымалі ўраджай 120 тыс. т яблыкаў, а з улікам умоў надвор’я ў 2025-м плануецца ўраджай у межах 37-40 тыс. т, што ў тры разы менш», — патлумачыў чыноўнік. І дадаў, што нават сарака тысяч тон хопіць, каб накарміць яблыкамі беларусаў, бо раней 85-87 тысяч тон ішло на экспарт. Таму сёлета адбудуцца страты ў экспартным патэнцыяле.

Інфляцыя ў Беларусі дасягнула 7,4%

У канцы бягучага года эксперты Еўразійскага банка развіцця прагназуюць у Беларусі інфляцыю 7,7%.

У ліпені інфляцыя складала 7,4%, у чэрвені – 7,3%. Паводле ацэнкі аналітыкаў, на далейшы рост цэн будзе ўплываць актыўны спажывецкі попыт і павелічэнне рэальных заробкаў. Для параўнання: па выніках 2024 года інфляцыя складала 5,2%.

У Беларусі амаль скончылі рабіць абгрунтаванне для другой АЭС

Міністр энергетыкі Беларусі Дзяніс Мароз у інтэрв’ю тэлеканалу АНТ паведаміў, што тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі ў краіне ўжо амаль гатовае. У найбліжэйшы час вынікі працы прадставяць ураду, а пасля і Лукашэнку. Паводле Мароза, БелАЭС у Астравецкім раёне цяпер забяспечвае каля 40% патрэбаў краіны ў электраэнергіі. Пры гэтым спажыванне электраэнергіі расце і летась дасягнула рэкорду — 43,2 мільярда кВт·г.

Што да перспектыў, то разглядаюцца два варыянты: будаўніцтва трэцяга энергаблока ў Астраўцы або ўзвядзенне новай станцыі на іншай пляцоўцы.

Нацбанк анансаваў выпуск незвычайных манет

З 20 жніўня Нацыянальны банк Беларусі выпусціць у абарачэнне памятныя манеты “Загадкі” серыі “Беларускі дзіцячы фальклор” і “Былінка і верабей” серыі “Беларускія народныя казкі”. Пра гэта паведамілі ў прэс – службе рэгулятара.

У абодвух выпадках у манет будзе два віды. Першыя – сярэбраныя 925-й пробы наміналам 20 рублёў, масай 33,63 г, дыяметрам 38,61 мм і тыражом 2000 штук. Другія – медна-нікелевыя наміналам 1 рубель, масай 26,6 г, дыяметрам 37 мм і тыражом 5000 штук.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com.